27 снежня ў Беларускай натарыяльнай палаце адбылося выніковае ў 2023 годзе пасяджэнне праўлення. Удзел у мерапрыемстве прынялі першы намеснік дырэктара НЦПІ Вячаслаў Абрамаў і намеснік Міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў.
Быў разгледжаны шэраг пытанняў, у тым ліку прыём у склад натарыята новых натарыусаў, якія паспяхова здалі кваліфікацыйныя экзамены ў Міністэрстве юстыцыі.
Ва ўрачыстай абстаноўцы прысягу натарыуса прынеслі Кацярына Ходатава, Таццяна Русак, Ірына Чумакова і Юлія Камарова. У бліжэйшы час яны папоўняць рады натарыята горада Мінска, Гомельскай і Мінскай абласцей.
Вітаючы новых калег, старшыня БНП Наталля Барысенка пажадала ім ініцыятыўнага падыходу да працы, пошуку новых практык і актыўнага ўдзелу ў жыцці натарыяльнай супольнасці.
Мікалай Старавойтаў заклікаў новых натарыусаў актыўна ўлівацца ў прафесійны калектыў, адзначыўшы, што яны заўсёды могуць разлічваць на падтрымку старэйшых калег.
Вячаслаў Абрамаў павіншаваў новых сяброў БНП, падкрэсліўшы важнасць выкарыстання ў іх працы дакладных крыніц прававой інфармацыі.
«Гэта важная падзея ў вашым жыцці, і я ўпэўнены, што вы станеце годнымі членамі натарыяльнай супольнасці, а ваша прафесійная дзейнасць складзецца найлепшым чынам.
Прафесійная дзейнасць натарыуса немагчыма без якасна арганізаванага інфармацыйна-прававога забеспячэння. Пры гэтым ключавым фактарам выступае дакладнасць прававой інфармацыі, доступ да якой забяспечваюць інфармацыйна-прававыя рэсурсы, якія фарміруюцца НЦПІ», – адзначыў Вячаслаў Анатольевіч.
Ён таксама пажадаў маладым натарыусам ініцыятыўнай і плённай работы, у тым ліку ў рамках прававой асветы грамадзян.
Для аператыўнага атрымання афіцыйнай прававой інфармацыі новым натарыусам былі ўручаны сертыфікаты на доступ да інфармацыйна-пошукавай сістэмы «ЭТАЛОН-ONLINE».