7 снежня на базе Цэнтра прайшоў навучальны семінар для магістрантаў юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта з ліку грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства арганізавана ў рамках дзейнасці інавацыйнай пляцоўкі кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта ўстановы адукацыі.
Начальнік упраўлення прававой інфарматызацыі Аляксандр Бравусаў, вітаючы магістрантаў у сценах НЦПІ, абазначыў важнасць пабудовы інфармацыйнага грамадства ў Беларусі.
«Рэспубліка Беларусь зрабіла рэальныя крокі ў напрамку ўкаранення інфармацыйных тэхналогій у прававую сферу. Праз дзяржаўную сістэму прававой інфармацыі ўжо больш за 25 гадоў забяспечваецца даступнасць прававой інфармацыі для ўсіх зацікаўленых. Выбудаваны механізмы электроннай прававой камунікацыі паміж дзяржавай і грамадствам, створана і развіваецца лічбавае асяроддзе ўзаемадзеяння нарматворчых органаў», – адзначыў начальнік упраўлення.
У ходзе семінара слухачоў азнаёмілі з асноўнымі напрамкамі дзейнасці Цэнтра.
Аб актуальных пытаннях функцыянавання і развіцця дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі, заснаванай на ўкараненні інфармацыйных тэхналогій у прававую сферу, задачах і функцыях Цэнтра расказала малодшы навуковы супрацоўнік Дар'я Будкоўская.
Выступленне вядучага спецыяліста Ілоны Ярмольчык было прысвечана дзяржаўным інфармацыйна-прававым рэсурсам у сетцы Інтэрнэт (Партал Pravo.by, Прававы форум Беларусі, Дзіцячы прававы сайт). Яна асвятліла пытанні афіцыйнага апублікавання прававых актаў на Партале, збору прапаноў грамадзян па ўдасканаленні заканадаўства і грамадскага абмеркавання праектаў прававых актаў на Прававым форуме Беларусі.
Выступленне вядучага спецыяліста Ганны Новік было прысвечана карысным сэрвісам сістэмы «ЭТАЛОН-ONLINE». Яна таксама правяла экспрэс-навучанне па рабоце з гэтым рэсурсам.
Для гасцей Цэнтра начальнік упраўлення эталоннага банка даных прававой інфармацыі Таццяна Рэуцкая правяла экскурсію, на якой яны азнаёміліся з тэхналогіяй фарміравання і вядзення Нацыянальнага рэестра прававых актаў і эталоннага банка даных прававой інфармацыі, практычнымі аспектамі афіцыйнага апублікавання прававых актаў.
Даведачна
НЦПІ актыўна супрацоўнічае з установамі вышэйшай адукацыі, у тым ліку ў рамках працы інавацыйных пляцовак, якія функцыянуюць на базе Цэнтра.
Асноўныя задачы інавацыйнай пляцоўкі НЦПІ: замацаванне на практыцы прафесійных кампетэнцый, атрыманых студэнтамі ў ходзе адукацыйнага працэсу, абмен вопытам практычнай і навуковай дзейнасці паміж спецыялістамі ўстановы адукацыі і НЦПІ ў сферы прававой інфарматызацыі і развіцця дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.