У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі праведзены Рэспубліканскі прававы турнір «Сіла Закона». Яго арганізатарамі выступілі Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў.
Аб турніры
Турнір «Сіла Закона»– гэта новы інфармацыйна-адукацыйны праект для старшакласнікаў, накіраваны на павышэнне цікавасці да заканадаўства ў моладзевым асяроддзі. Ён сабраў найлепшых вучняў 10–11 класаў устаноў адукацыі рэспублікі.
Спаборніцтвы праходзілі ў фармаце тэсціравання па наступных тэмах: дзяржаўны лад і ўлада, гісторыя права, правы і абавязкі дзяцей і падлеткаў, адказнасць за правапарушэнні, моладзевая палітыка і іншыя.
Асноўнымі задачамі Турніру з’яўляюцца:
«Ён прыцягнуў увагу “маладога пакалення” да пытанняў прававой культуры нашага грамадства. Фарміраваць яе трэба з самага дзяцінства, а гаворачы аб сваіх правах, задумвацца і аб адказнасці. Наша моладзь павінна разумець, што сіла закону – гэта самая правільная і самая надзейная абарона кожнага з нас».
Як праходзілі спаборніцтвы
Турнір «Сіла Закона» праводзіўся з 13 па 21 снежня 2021 г. ў тры туры: раённы, абласны (Мінскі гарадскі), рэспубліканскі.
Раённы тур прайшоў на базе школ рэспублікі з 13 да 16 снежня. У ім прынялі ўдзел больш за 16 тыс. старшакласнікаў, якія адказвалі на 35 пытанняў па прававой тэматыцы. Лепшы час праходжання тэста – 4 хвіліны 23 секунды. Такі рэкорд паставіў вучань 11 класа сярэдняй школы № 30 г. Гомеля Дзмітрый Авяр’янаў.
Абласныя і Мінскі гарадскі туры праекту адбыліся 21 снежня. Месцамі для правядзення спаборніцтваў сталі юрыдычныя факультэты ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Цэнтральная пляцоўка праекту знаходзілася ў г. Мінску на базе юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яна аб’яднала паўфіналістаў праекту са сталіцы і Мінскай вобласці. Яшчэ пяць пляцовак далучыліся з абласных цэнтраў з дапамогай Zoom-трансляцыі. Увогуле на перамогу ў абласным туры прававога турніру прэтэндавалі 115 старшакласнікаў.
У рамках правядзення турніру адбыліся адкрытыя дыялогі з дэканамі факультэтаў, прадстаўнікамі НЦПІ і яго філіялаў, БРСМ, падчас якіх юнакі і дзяўчаты змаглі вызначыцца з выбарам юрыдычных спецыяльнасцей для будучага паступлення, атрымаць адказы на пытанні, што іх цікавяць.
Месцам правядзення абласнога этапу ў Брэсцкай вобласці стаў юрыдычны факультэт Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Перад старшакласнікамі выступілі дырэктар РЦПІ Марыя Базылік і дэкан факультэта Марыя Варакуліна. Удзельнікам турніру прадэманстравалі прэзентацыйны фільм пра юрыдычны факультэт, а таксама правялі экскурсію па ім з наведваннем крыміналістычнай лабараторыі і залы судовых пасяджэнняў для правядзення выязных паказальных судовых працэсаў.
Віцебская вобласць прымала маладых людзей на дзвюх пляцоўках. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава перад школьнікамі з прывітальным словам выступілі прарэктар па выхаваўчай рабоце ўніверсітэта Юлія Бежанар, дырэктар РЦПІ Віцебскай вобласці Ларыса Дорагава, старшыня Віцебскай абласной кантрольнай камісіі ГА «БРСМ» Дзяніс Шчурэвіч.
У Полацкім дзяржаўным універсітэце школьнікаў віталі намеснік дэкана юрыдычнага факультэта Аляксей Радзюк, спецыяліст па забеспячэнні асноўнай дзейнасці РЦПІ Віцебскай вобласці Юлія Дзірко, Другі сакратар Наваполацкай гарадской арганізацыі ГА «БРСМ» Вольга Лабандзіеўская.
Для ўдзельнікаў турніру ў гэтых універсітэтах былі арганізаваны экскурсіі, праведзены прафарыентацыйныя мерапрыемствы, а таксама прадастаўлена інфармацыя аб інтэрнэт-рэсурсах НЦПІ, дзе размешчаны неабходныя звесткі для абітурыентаў.
У Полацкім дзяржаўным універсітэце студэнты юрыдычнага факультэта правялі са школьнікамі інтэрактыўную гульню « Што? Дзе? Калі?», якая дазволіла ў займальнай форме больш даведацца пра юрыспрудэнцыю.
У Гомельскай вобласці абласны тур прыняў юрыдычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны. Удзельнікаў вітала дэкан факультэта Ірына Эсмантовіч. Школьнікаў вельмі ўразілі «кузня» прафесійных юрыстаў і экскурсія па Алеі Герояў і мемарыяльным комплексе ў скверы па вуліцы Савецкай г. Гомеля, прысвечанай Вялікай Айчыннай вайне.
Удзельнікі з Гродзенскай вобласці мелі сустрэчу з адміністрацыяй юрыдычнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы: дэканам Святланай Чабуранавай і яе намеснікамі. Старшакласнікі не толькі даведаліся аб тым, што неабходна для паступлення ў навучальную ўстанову, але і ўбачылі на свае вочы студэнцкае жыццё падчас экскурсіі па вучэбным корпусе.
Удзельнікаў Мінска і Мінскай вобласці сардэчна прынялі на базе юрыдычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Апроч удзелу ў спаборніцтве, школьнікі ў рамках адкрытага дыялогу пагутарылі з адміністрацыяй юрыдычнага факультэта БДУ: дэканам Андрэем Шыдлоўскім і намеснікам дэкана Сяргеем Калініным. Будучыя абітурыенты атрымалі адказы на пытанні аб паступленні, аб спецыяльнасцях факультэта навучальным працэсе і грамадскім жыцці студэнтаў. Для ўдзельнікаў была арганізавана экскурсія на крыміналістычны палігон, дзе ёсць спецыяльныя блокі, прызначаныя для мадэлявання абстаноўкі месца здарэння.
Пляцоўку для правядзення турніру ў Магілёўскай вобласці прадаставіў Беларуска-Расійскі ўніверсітэт. З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнулася прарэктар па вучэбнай рабоце Наталля Валогіна. Яна пазнаёміла школьнікаў не толькі з наяўнымі магчымасцямі падрыхтоўкі абітурыентаў, але і расказала аб перспектывах развіцця спецыяльнасцей універсітэта. Мадэратарамі турніру, як і ў іншых рэгіёнах, выступіў абласны філіял НЦПІ – РЦПІ Магілёўскай вобласці сумесна з абласной арганізацыяй БРСМ.
Для ўдзельнікаў турніру была арганізавана экскурсія па новым корпусе ўніверсітэта, які з’яўляецца інавацыйным цэнтрам навуковых распрацовак і ўвядзення іх у вытворчасць.
21 снежня адбылося і фінальнае спаборніцтва. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця рэспубліканскага фіналу прайшла пераклічка рэгіёнаў, былі названы восем юных правазнаўцаў:
Ганна Зяновіч – вучаніца 11 класа Астроміцкай сярэдняй школы;
Яніна Анісімава – вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 3 г. Наваполацка; Ганна Канчар – вучаніца 11«А» класа сярэдняй школы № 11 г. Жлобіна;
Лізавета Журовіч – вучаніца 11 «Б» класа Лельчыцкай сярэдняй школы № 2;
Алег Свістун – вучань 11 класа Дзярэчынскага дзіцячага сада – сярэдняй школы;
Дзмітрый Галянкоў – вучань 10 «А» класа Крупскай раённай гімназіі;
Антон Нестраценка – вучань 11 «А» класа сярэдняй школы № 8 г. Крычава;
Ігар Панасюк – вучань 11 «Б» класа гімназіі № 37 г. Мінска.
Ім трэба было праявіць свае веды і волю да перамогі ў рэспубліканскім туры. Ён праводзіўся ў анлайн-фармаце ў рэжыме рэальнага часу з трансляцыяй таго, што адбываецца, на экран. Прэтэндэнты на перамогу павінны былі адказаць на 17 пытанняў тэставых заданняў рознага ўзроўню складанасці, звязаных з дзяржаўным ладам і ўладай, прававымі асновамі дзяржавы, гісторыяй права, адказнасцю за правапарушэнні, моладзевай палітыкай.
Віншуем пераможцаў!
Найбольшая колькасць правільных адказаў аказалася ў Ігара Панасюка з гімназіі № 37 г. Мінска. З усімі заданнямі ён справіўся за 140 секунд і атрымаў 431 бал.
«Калі жывеш у прававой дзяржаве, трэба ведаць законы сваёй краіны, каб навучыць у будучыні і сваіх дзяцей. Шмат увагі надаў падрыхтоўцы да турніру, таму з заданнямі справіўся хутка», – дзелячыся эмоцыямі, сказаў пераможца.
Другое месца ў турніры заняў Алег Свістун з аграгарадка Дзярэчын Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці. Яму ўдалося набраць 391 бал за 9 хвілін 42 секунды.
Трэцяе месца – у Антона Нестраценкі з г. Крычава Магілёўскай вобласці. Яго вынік – 331 бал за 6 хвілін 51 секунду.
Пераможцы атрымалі прызы ад арганізатараў і партнёраў. Імі выступілі ААТ «Мінскі гадзіннікавы завод», ТАА «Белорусская кожевенно-обувная компания «Марко» і камунальнае культурна-спартыўнае ўнітарнае прадпрыемства «Аква-Мінск».
Рэпартаж аб выніках турніру глядзіце на Youtube-канале НЦПI.