![]() |
10.04.2012 Наконт прававых актаў
Издание : Мiёрскiя навiны
Автор статьи : Алег Краўцоў |
24 лютага падпісаны Дэкрэт №3 «Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўступлення ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь» і Указ №106 «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», якія ўступяць у сілу 1 ліпеня 2012 года.
У адпаведнасці з Дэкрэтам афіцыйным апублікаваннем прававых актаў, якія ўключаюцца ў Нацыянальны рэестр, з’яўляецца давядзенне гэтых прававых актаў да ўсеагульнага ведама шляхам размяшчэння іх тэкстаў на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь (www.pravo.by). Датай афіцыйнага апублікавання будзе лічыцца дата яго размяшчэння на партале, які становіцца адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання прававых актаў.
Прававыя акты будуць публікавацца ў зборніку «Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь», выпуск якога ўскладзены на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. Прававыя акты таксама будуць абнародавацца ў афіцыйных перыядычных выданнях — газетах «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета», «Рэспубліка» і выданнях, якія вызначаюць мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы. Але такое апублікаванне будзе з’яўляцца неафіцыйным.
Таксама вызначаецца парадак афіцыйнага апублікавання прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Яно будзе ажыццяўляцца шляхам узнаўлення тэкстаў прававых актаў у афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях, вызначаемых у адпаведнасці з заканадаўствам, на афіцыйных сайтах гэтых дзяржаўных органаў або на адпаведных старонках афіцыйных сайтаў вышэйстаячых дзяржаўных органаў.
У развіццё палажэнняў Дэкрэта, Указам афіцыйнае апублікаванне прававых актаў на партале ўскладваецца на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі РБ. Падрыхтаваныя ў зручным для карыстальніка фармаце тэксты штодзённа будуць размяшчацца на партале, што дазволіць забяспечыць да іх свабодны кругласутачны доступ.
Вынік такой навацыі відавочны — аператыўнасць, даступнасць. Мы імкнёмся ў электронную будучыню. Чарговы крок зроблены.
Алег КРАЎЦОЎ,
дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.