![]() |
13.01.2009 Функцыi Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi пашыраны
Издание : Звязда
Номер : № 4, 13.01.2009 Автор статьи : Прэс-служба Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь |
Гэта прадугледжана ўказам № 11, якiм унесены змяненнi i дапаўненнi ў некаторыя ўказы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Дакумент падпiсаны кiраўнiком дзяржавы 8 студзеня.
Указ накiраваны на далейшае развiццё дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi з улiкам узрастання ролi сучасных iнфармацыйных тэхналогiй у галiне права. У сувязi з гэтым ён прадугледжвае пашырэнне задач i функцый Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi (НЦПІ), а таксама ўдасканаленне арганiзацыi яго дзейнасцi", — растлумачылi ў прэс-службе Прэзiдэнта.
Так, да асноўных задач НЦПI указам аднесены ўдзел у развiццi i ўдасканаленнi юрыдычнай тэрмiналогii на рускай i беларускай мовах, яе перакладзе на замежныя мовы i выкананне работ па вядзеннi i суправаджэннi шматмоўнага слоўнiка юрыдычных тэрмiнаў.
З 23 жнiўня 2008 года ў сетцы інтэрнэт функцыянуе распрацаваны па iнiцыятыве Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Беларусi iнтэрнэт-рэсурс для дзяцей i падлеткаў па прававой тэматыцы — Дзiцячы прававы сайт. Галоўная яго мэта — прадастаўленне дзецям i падлеткам неабходных ведаў аб правамерных паводзiнах з дапамогай iнтэрактыўных сродкаў. З улiкам гэтага да функцый НЦПI аднесена выкананне работ па фармiраваннi, вядзеннi i забеспячэннi функцыянавання iнфармацыйна-прававых рэсурсаў сеткi iнтэрнэт, якiя ствараюцца НЦПI.
З мэтай вызначэння прававога статусу шматмоўнага слоўнiка юрыдычных тэрмiнаў, а таксама каардынацыi дзейнасцi па вядзенні Нацыянальнага прававога iнтэрнэт-партала, Дзiцячага прававога сайта i iншых iнфармацыйна-прававых рэсурсаў сеткi iнтэрнэт Прававы кансультатыўны савет пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь надзяляецца новымi функцыямi па выпрацоўцы адпаведных рэкамендацый па пытаннях прымянення юрыдычных тэрмiнаў на рускай i беларускай мовах i iх перакладу на замежныя мовы, а таксама па ўдасканаленнi i iнфармацыйным напаўненнi вышэйназваных партала i сайта.
НЦПI створаны 1 кастрычнiка 1997 года ў адпаведнасцi з указам Прэзiдэнта ад 30 чэрвеня 1997 года № 338 "Аб стварэннi Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь" шляхам выдзялення з сiстэмы Мiнiстэрства юстыцыi Беларусi i рэарганiзацыi Рэспублiканскага цэнтра прававой iнфармацыi.
У лiку асноўных задач НЦПI — фармiраванне i вядзенне адзiнага эталоннага банка даных прававой iнфармацыi, стварэнне i развiццё дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi, каардынацыя дзейнасцi ў галiне ўкаранення камп’ютарных сiстэм i банкаў даных прававой iнфармацыi, а таксама распаўсюджванне прававой iнфармацыi, удзел у падрыхтоўцы праектаў законаў i iншых прававых актаў, правядзенне навуковых даследаванняў у галiне прававой iнфарматызацыi, забеспячэнне мiждзяржаўнага абмену прававой iнфармацыяй.
Сярод функцый НЦПI — забеспячэнне вядзення Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублiкi Беларусь i ажыццяўленне яго афiцыйнага выдання, фармiраванне адзiнага эталоннага банка даных прававой iнфармацыi па заканадаўстве Беларусi на папяровых i электронных (магнiтных) носьбiтах, фармiраванне i вядзенне камп’ютарнага банка даных праектаў законаў, стварэнне рэгiянальных цэнтраў прававой iнфармацыi, ажыццяўленне фармiравання i вядзення базы даных мiжнародных дагавораў Рэспублiкi Беларусь i iнш.