21–22 кастрычніка 2020 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі праходзіў VII Міжнародны кангрэс «Бібліятэка як феномен культуры», прысвечаны пытанням краязнаўства і краіназнаўства ў захаванні культурнай разнастайнасці.
Традыцыйна гэты форум збірае вядучых спецыялістаў бібліятэк, навукова-даследчых арганізацый, адукацыйных устаноў, распрацоўнікаў і вытворцаў праграмнага забеспячэння і інфармацыйнай прадукцыі.
На ўрачыстым адкрыцці кангрэса з прывітальным словам і пажаданнямі плённай працы да ўдзельнікаў звярнуўся намеснік дырэктара НЦПІ Віктар Шаршун.
Ён адзначыў, што сучасная бібліятэка ва ўсе часы адыгрывала важную ролю ў духоўным развіцці чалавека, забяспечваючы шырокі доступ да інтэлектуальнай і культурнай спадчыны грамадства. Ключавое значэнне ў гэтай дзейнасці належыць краязнаўству – крыніцы разнастайных ведаў аб жыцці малой радзімы і краіны ў цэлым. Сёння краязнаўчая работа бібліятэк зрабіла іх даступнымі пляцоўкамі для захавання гістарычнай і культурнай памяці роднага краю, папулярызацыі гістарычна-культурных традыцый беларускага народа і перадачы іх наступным пакаленням.
Ужо традыцыйна прадстаўнікі НЦПІ арганізавалі экспазіцыю і прэзентацыю дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў: прававых сістэм «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE», Нацыянальнага прававога Інтэрнэт-парталу, Прававога форуму Беларусі. Праведзеная прэзентацыя дазволіла прадэманстраваць шырокія магчымасці і перавагі названых інфармацыйна-прававых сістэм, акцэнтаваць увагу на важнасці і карыснасці выкарыстання работнікамі бібліятэк афіцыйных крыніц прававой інфармацыі. Удзельнікі кангрэса атрымалі ўнікальную магчымасць на практыцы пераканацца ў зручнасці выкарыстання «ЭТАЛОН-ONLINE», ім былі ўручаны сертыфікаты доступу да сістэмы.
(фота – Нацыянальная бібліятэка Беларусі)