• VK
  • odnoklassniki
  • Facebook
  • Twitter
  • Youtube
  • Telegram
  • viber

Электроннае грамадства: крок зроблены

02.04.2012

Электроннае грамадства: крок зроблены

Издание : Герой працы
Номер : №27, 03.04.2012
Автор статьи : Алег Краўцоў

У айчыннай нарматворчасці адбылася знакавая падзея, якая не можа застацца незаўважанай: адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання прававых актаў з 1 ліпеня 2012 года стане Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь – галоўны дзяржаўны інфармацыйна-прававы інтэрнэт-рэсурс у вобласці права і прававой інфарматызацыі.

Значэнне ў грамадстве сістэмы афіцыйнага апублікавання прававых актаў складана перацаніць, бо менавіта з датай афіцыйнага апублікавання ў большасці выпадкаў непарыўна звязана дата ўступлення прававога акта ў сілу.

У бягучым годзе ў адпаведнасці з рашэннем Кіраўніка дзяржавы электронная форма афіцыйнага апублікавання нарматыўных прававых актаў прызнана адзінай, а папяровая ідзе ў мінулае.

24 лютага 2012 года былі падпісаны Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 3 «Аб некаторых пытаннях апублікавання і ўступлення ў сілу прававых актаў Рэспублікі Беларусь» і Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 106 «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Палажэнні Дэкрэта і Указа, звязаныя з афіцыйным апублікаваннем прававых актаў, уступяць ў сілу 1 ліпеня 2012 года.

Парадак апублікавання прававых актаў у электронным выглядзе мае шэраг пераваг, сярод якіх галоўнымі з’яўляюцца зніжэнне фінансавых, арганізацыйных і тэхнічных затрат на распаўсюджанне прававых актаў, скарачэнне тэрмінаў іх апублікавання, магчымасці грамадзян у любы час азнаёміцца з тэкстамі прававых актаў.

У адпаведнасці з Дэкрэтам афіцыйным апублікаваннем прававых актаў, уключаемых у Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, з’яўляецца давядзенне гэтых дакументаў да ўсеагульнага азнаямлення шляхам размяшчэння іх тэкстаў на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь (www.pravo.by). Датай афіцыйнага апублікавання прававога акта будзе лічыцца дата яго размяшчэння на партале, які згодна з Дэкрэтам стане адзінай крыніцай афіцыйнага апублікавання прававых актаў.

Акрамя таго, прававыя акты будуць публікавацца ў зборніку прававых актаў «Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь», выпуск якога ўскладзены на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Прававыя акты будуць абнародавацца ў афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях: у газетах «Советская Белоруссия», «Звязда», «Народная газета», «Рэспубліка» і выданнях, вызначаных мясцовымі Саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі. Але апублікаванне прававых актаў у вышэйназваных афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях будзе з’яўляцца неафіцыйным.

Таксама вызначаецца парадак афіцыйнага апублікавання прававых актаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Яно будзе ажыццяўляцца шляхам размяшчэння тэкстаў прававых актаў у афіцыйных перыядычных друкаваных выданнях, вызначаных у адпаведнасці з заканадаўствам, на афіцыйных сайтах гэтых дзяржаўных органаў ці на адпаведных старонках афіцыйных сайтаў вышэйстаячых дзяржаўных органаў.

Указам афіцыйнае апублікаванне прававых актаў на партале ўскладаецца на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

Вынікі дадзенай навацыі відавочны – аператыўнасць афіцыйнага апублікавання і, адначасова, даступнасць прававой інфармацыі ў параўнанні з друкаваным выданнем павялічваецца шматразова. Ва ўмовах імклівага развіцця ў нашай краіне інтэрнэт-тэхналогій такі спосаб давядзення да грамадзян прававой інфармацыі будзе найбольш зручным і запатрабаваным. Мы імкнёмся ў электронную будучыню. Чарговы крок зроблены.

А. КРАЎЦОЎ, дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь.


2 апреля 2012Г.
Pravo.by
Эталон ONLINE
Правовой форум
Детский правовой сайт
Подняться наверх