14 лістапада ў Цэнтры адбыўся круглы стол на тэму «Практычныя аспекты рэдагавання нарматыўных прававых актаў».
Мерапрыемства арганізавана для спецыялістаў дзяржаўных органаў і арганізацый, якія забяспечваюць рэдагаванне актаў заканадаўства на этапе іх падрыхтоўкі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі, Апарата Савета Міністраў.
Удзельнікі падзяліліся вопытам работы па ажыццяўленні лінгвістычнага кантролю ў дзяржаўных органах і арганізацыях, закранулі асобныя аспекты лінгвістычнай апрацоўкі прававых актаў, у тым ліку якія датычацца афармлення выманняў і падрадковых заўваг у такіх дакументах. У ходзе абмеркавання выказана думка аб неабходнасці далейшай уніфікацыі правіл рэдагавання прававых актаў у розных дзяржорганах.
Загадчык аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Лапцёнак расказала аб тэрміналогіі нарматыўных прававых актаў на беларускай мове. У якасці прыкладу складанасцяў гэтай працы была прадэманстравана канструкцыя, калі рускамоўнае слова мае аднолькавы пераклад на беларускую мову: «По тексту слово «высокотехнологические» в соответствующем падеже заменить словом «высокотехнологичные» в соответствующем падеже» – «Па тэксце слова «высокатэхналагічны» у адпаведным склоне замяніць словам «высокатэхналагічны» у адпаведным склоне».
Наталля Судзілоўская, начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ НЦПІ, азнаёміла з практычнымі аспектамі лінгвістычнай работы пры падрыхтоўцы рашэнняў выканаўчых і распарадчых органаў базавага ўзроўню да афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым Партале.
У ходзе мерапрыемства былі абмеркаваны актуальныя моўныя аспекты падрыхтоўкі праектаў прававых актаў, якія абумоўлены сучаснымі патрабаваннямі рускай і беларускай моў. Удзельнікі круглага стала адзначылі яго высокую практычную карыснасць, дамовіліся прадаўжаць узаемадзеянне ў такім фармаце і ў далейшым, а таксама выпрацавалі асобныя практычныя рэкамендацыі.
Усімі ўдзельнікамі адзначана неад'емная роля рэдактара ў павышэнні якасці нацыянальнага заканадаўства.