• VK
  • odnoklassniki
  • Facebook
  • Twitter
  • Youtube
  • Telegram
  • viber

Фарміраванне прававой культуры непаўналетніх абмеркавалі ў Віцебску

Фарміраванне прававой культуры непаўналетніх абмеркавалі ў Віцебску

2 верасня 2022 г. на базе Віцебскага аблвыканкама прайшоў круглы стол «Фарміраванне прававой культуры непаўналетніх», які адкрывае цыкл навукова-практычных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 25-годдзя НЦПІ.

Арганізатарам круглага стала выступіў рэгіянальны цэнтр прававой інфармацыі Віцебскай вобласці.

Мадэратар мерапрыемства – дырэктар Віцебскага філіяла НЦПІ Ларыса Дорагава – адзначыла важнасць работы па прававой асвеце нашага маладога пакалення, якая праводзіцца на дзяржаўным і рэгіянальным узроўнях, і актуальнасць гэтай тэмы ў пачатку новага навучальнага года.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў круглага стала звярнуўся намеснік старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Вячаслаў Дурноў. Ён падкрэсліў, што ўзровень прававой культуры з'яўляецца залогам паспяховага фарміравання асобы, таму важна работа, якая праводзіцца ў гэтым напрамку ўсімі ведамствамі: установамі адукацыі, органамі ўнутраных спраў, органамі юстыцыі і пракуратуры, сродкамі масавай інфармацыі. Ён выказаў упэўненасць, што мерапрыемства дасць магчымасць не толькі падзяліцца вопытам, але і вызначыць далейшыя шляхі эфектыўнага ўзаемадзеяння.

Вітаючы прысутных, першы намеснік дырэктара НЦПІ, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, Вячаслаў Абрамаў адзначыў:

«Прававая асвета непаўналетніх выступае ў якасці адной з асноўных задач дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь, накіраванай на ўмацаванне прававых навыкаў юных грамадзян і фармаванне ўстойлівых грамадскіх каштоўнасцяў. Пры гэтым выхаванне прававой пісьменнасці падрастаючага пакалення – гэта наша агульная задача, і доступ да дакладнай прававой інфармацыі займае тут важнае месца».

Круглый стол в Витебске

Вячаслаў Анатольевіч падрабязна спыніўся на напрамках работы НЦПІ па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, удзелу ў рабоце Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці, важнасці выкарыстання дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў – Нацыянальнага прававога Партала, Дзіцячага прававога сайта, сістэм «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE», новых форм узаемадзеяння з падрастаючым пакаленнем:

«Важна, каб дзеці ведалі і разумелі свае правы. Пры гэтым яшчэ больш важна, каб яны ўсведамлялі адказнасць за ўчынкі. Таму НЦПІ надаецца асаблівая ўвага давядзенню прававой інфармацыі не толькі да дзяцей, але і да дарослых, якія працуюць з дзіцячай аўдыторыяй. Пры гэтым важна выкарыстоўваць новыя формы работы з дзецьмі, размаўляць на іх мове. НЦПІ стварае відэакантэнт, вядзе акаўнты ў сацыяльных сетках, выступае партнёрам і арганізатарам дыялогавых мерапрыемстваў па прававых пытаннях. Удасканальваем пастаянна рэсурсы, арыентаваныя на дзіцячую аўдыторыю і зацікаўленых дарослых».

У сістэмах «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» створаны тэматычныя банкі даных «Правы непаўналетніх» і «Адукацыя», у якіх сістэматызаваны прававыя акты і матэрыялы правапрымяняльнай практыкі. На Дзіцячым прававым сайце ў даступнай форме выкладаецца прававая інфармацыя ў розных фарматах, шмат гульнявых элементаў, што прываблівае гэтую аўдыторыю. На рэсурсе праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку конкурсы.

Падрабязней аб магчымасцях выкарыстання Дзіцячага прававога сайта ў адукацыйнай прасторы і ў рамках мерапрыемстваў па прававой асвеце непаўналетніх на круглым стале расказала вядучы спецыяліст упраўлення інфармацыйнай палітыкі і інтэрнэт-рэсурсаў НЦПІ Марына Галаенка.

На мерапрыемстве таксама абмеркавалі:

  • падыходы да фармавання нацыянальнай канцэпцыі прававой культуры;
  • прававое выхаванне вучняў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі;
  • пытанні развіцця школьнай медыяцыі;
  • пытанні прафілактыкі правапарушэнняў сярод непаўналетніх;
  • ролю СМІ ў фарміраванні прававой культуры;
  • дзейнасць публічных цэнтраў прававой інфармацыі Віцебскай вобласці ў абазначаным напрамку;
  • іншыя пытанні.

Удзельнікамі круглага стала сталі прадстаўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых органаў улады, дзяржаўных устаноў і грамадскіх арганізацый рэгіёна.

Участники круглого стола в Витебске

У анлайн-фармаце да пасяджэння далучылася кіраўнікі і спецыялісты НЦПІ, а таксама прадстаўнікі іншых абласцей рэспублікі – каля 150 чалавек.

Трансляция круглого стола в Витебске

Матэрыялы рэгіянальных СМІ аб мерапрыемстве:

https://vitvesti.by/index.php/obshestvo/v-vitebske-obsudili-voprosy-formirovaniia-pravovoi-kultury-v-molodezhnoi-srede.html

https://www.vitbichi.by/news/obshchestvo/post55652.html

Даведачна

1 кастрычніка 2022 года спаўняецца 25 гадоў Нацыянальнаму цэнтру прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь (НЦПІ, Цэнтр) – цэнтральнай дзяржаўнай навукова-практычнай установе ў сферы прававой інфарматызацыі. Асноўнымі задачамі НЦПІ з'яўляюцца збор, улік, апрацоўка, захоўванне, сістэматызацыя і актуалізацыя эталоннай прававой інфармацыі, яе распаўсюджванне (прадастаўленне), экспертна-аналітычная дзейнасць у названых сферах, а таксама афіцыйнае апублікаванне прававых актаў.

Напярэдадні гэтай юбілейнай даты Цэнтрам праводзіцца шэраг круглых сталоў па напрамках дзейнасці ў сталіцы і рэгіёнах.

2 сентября 2022 Г.
Pravo.by
Эталон ONLINE
Правовой форум
Детский правовой сайт
Подняться наверх