НЦПІ і яго філіялы, а таксама пярвічкі БРСМ і «Белай Русі» арганізацыі па традыцыі далучыліся да ўдзелу ў рэспубліканскіх дабрачынных акцыях напярэдадні Дня ведаў.
«Збяром дзіця ў школу» разам
У Дзень ведаў работнікі НЦПІ на чале з намеснікам дырэктара Вячаславам Бякетам павіншавалі дзяцей з падшэфных прытулкаў – Клецкага і Нясвіжскага раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў. НЦПІ шэфствуе над гэтымі ўстановамі адукацыі з 2004 года. Цяпер у прытулках знаходзяцца 23 чалавекі.
Гасцей чакаў цёплы прыём: дзецi расказвалі пра сябе, чыталі вершы, праводзiлi конкурсы. 1 верасня для ўсіх дзяцей і падлеткаў – гэта заўсёды важная і хвалюючая падзея. У такія моманты асабліва важна, каб побач былі тыя, хто гатовы падтрымаць, даць наказ, стварыць святочны настрой.
– У гэты дзень так прыемна бачыць вашы ўсмешкі, бо яны робяць больш шчаслівым і нас, дарослых, – звярнуўся да рабят Вячаслаў Мечыслававіч. – Нездарма кажуць, што школьныя гады – самыя лепшыя. Яны даюць веды і магчымасць стаць лепш, каб у далейшым дасягнуць сваіх мэт. Гэта вельмі важны запамінальны этап у жыцці кожнага чалавека. Мы жадаем вам выдатнага настрою і здароўя.
Калектыў НЦПІ пастараўся зрабіць Дзень ведаў радасным і запамінальным – для ўсіх дзяцей былі набыты падарункі (школьныя прыналежнасці, адзенне, абутак). Падшэфным арганізацыям былі перададзены неабходныя санітарна-гігіенічныя сродкі і інвентар.
Даведачна
Мэта акцыі – збор школьнага адзення, абутку, кніг, пісьмовых канцылярскіх і спартыўных прылад, навучальных дапаможнікаў для дзяцей са шматдзетных і маламаёмасных сем'яў, дзяцей-сірот, дзяцей-інвалідаў, дзяцей з дамоў-інтэрнатаў, каб аказаць пасільную дапамогу тым, хто апынуўся ў складанай сітуацыі, а таксама падарыць ім светлы святочны настрой, радасць сустрэчы са школай.
«У школу з Добрым сэрцам!»
Напярэдадні Дня ведаў першасная арганізацыя БРСМ НЦПІ ў рамках гэтай акцыі павіншавала з пачаткам навучальнага года выхаванцаў падшэфнага дзіцячага дома сямейнага тыпу сям'і Балабіных.
Святлана і Мікалай Балабіны з'яўляюцца бацькамі-выхавальнікамі сямі дзяцей: 15-гадовай Міланы, 11-гадовай Сафіі, 10-гадовай Ангеліны, 9-гадовых Максіма і Дзяніса, 5-гадовай Караліны і 3-гадовага Святаслава. Усе яны жывуць адной дружнай сям'ёй.
Пяршоўка БРСМ НЦПІ аказвае дапамогу гэтай сям'і другі год запар, таму яе прадстаўнікоў дзеці чакалі з нецярпеннем. Рабяты паказалі гасцям свае пакоі, распавялі аб поспехах у школе і сваіх запаветных марах. Хлапчукі і дзяўчынкі жывуць вельмі дружна, любяць матэматыку і цешаць бацькоў дасягненнямі ў вучобе і спорце. Трохгадовы Святаслаў распавёў па сакрэту, што ён «ужо вялікі і нічога не баіцца, нават навальніцы».
Прадстаўнікі пярвічкі ўручылі школьнікам наборы канцылярскіх тавараў, якія дапамогуць дзецям у вучобе і развіцці творчых здольнасцей.
У рамках супрацоўніцтва з Магілёўскім абласным камітэтам БРСМ 31 жніўня РЦПІ Магілёўскай вобласці прыняў удзел у дабрачыннай акцыі «У школу з Добрым сэрцам».
Дырэктар філіяла Цэнтра Наталля Станкевіч і першы сакратар абкама БРСМ Аляксандр Саксонаў наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу, у якім жыве 11 дзяцей. Яны павіншавалі школьнікаў з надыходзячым святам – Днём ведаў, пажадалі ім поспехаў у новым навучальным годзе. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай абстаноўцы, усім хлопцам былі ўручаны падарункі.
«У школу з Белай Руссю» і з НЦПІ
23 жніўня актывісты пярвічнай арганізацыі РГА «Белая Русь» НЦПІ прынялі ўдзел у мерапрыемстве, арганізаваным у Маскоўскім раёне сталіцы ў рамках рэспубліканскай акцыі «У школу з Белай Руссю». Больш падрабязна пра яго можна прачытаць па спасылцы.
Дзецям, якія маюць патрэбу ў асаблівай увазе, напярэдадні свята аказалі падтрымку і іншыя філіялы нашай арганізацыі.
«Збяром школьны партфель»
Так, РЦПІ Гомельскай вобласці прыняў удзел у выніковай дабрачыннай акцыі «Збяром школьны партфель» для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, арганізатарам якой выступіла Гомельскае абласное аддзяленне рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларускі дзіцячы фонд».
Сумесна з калектывамі ўстаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Гомеля работнікі філіяла Цэнтра 30 жніўня арганізавалі святочнае мерапрыемства для дзяцей з прагулкай на цеплаходзе. Усім дзецям былі ўручаны партфелі са школьнымі прыладамі.