Напярэдадні навагодніх і калядных святаў прадстаўнікі НЦПІ традыцыйна павіншавалі дзяцей дзвюх падшэфных арганізацый у рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».
Хлапчукі і дзяўчынкі з Клецкага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра і Нясвіжскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра былі вельмі рады сустрэчы. Падобныя мерапрыемствы ўжо не першы год праходзяць у гэтых установах і кожны раз становяцца падзеяй, бо для дзяцей Новы год – самае яркае свята.
Сёння ў Нясвіжскім і Клецкім цэнтрах пражывае 9 хлопчыкаў і дзяўчынак. Самаму малодшаму з іх 5 гадоў, старэйшаму – 15.
У час сямейных свят для выхаванцаў гэтых устаноў асабліва важна чуць ласкавыя словы, бачыць усмешкі і, зазірнуўшы пад елку, знайсці доўгачаканы падарунак.
Ад імя калектыву Цэнтра і ад сябе асабіста намеснік дырэктара Вячаслаў Бякета пажадаў дзецям і педагогам здароўя, дабра і здзяйснення самых запаветных мар
«Работнікі НЦПІ на працягу многіх гадоў удзельнічаюць у акцыі «Нашы дзеці». Гэта стала для нашага калектыву добрай традыцыяй, – адзначыў Вячаслаў Мечыслававіч. – Разумеючы, як важна надаваць увагу дзецям, мы заўсёды рыхтуемся загадзя: удакладняем, што неабходна ў першую чаргу набыць для выхаванцаў. Навагоднія святы –асаблівы час, калі кожнаму дзіцяці трэба абавязкова дарыць цуды, цеплыню, увагу і клопат. А дзякуючы маштабнай акцыі, што праводзіцца ў краіне, усе дарослыя могуць адчуць сябе крыху чараўнікамі».
У 2022 годзе для падапечных НЦПІ падрыхтаваў прысмакі і індывідуальныя падарункі. Развівальныя гульні і наглядныя дапаможнікі, лялькі і робат-трансформер, самакат і партатыўная бесправадная калонка – гэта толькі частка падарункаў, якія атрымаюць дзеці да свята.
Акрамя таго, падшэфным арганізацыям былі перададзены неабходныя школьныя прылады, санітарна-гігіенічныя сродкі, інвентар, матэрыялы для рамонтных работ.
Даведачна
Навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці» праходзіць у Беларусі штогод ужо больш за 25 гадоў.
Мэта акцыі – аказаць дапамогу і падтрымку дзецям, якія асабліва маюць у іх патрэбу. Тэрмін правядзення сёлетняй акцыі: 15 снежня 2022 г. – 15 студзеня 2023 г.