03.12.2016

Банк права. НЦПІ забяспечвае развіццё дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі

Издание : Звязда
Номер : 234 (28344)
Автор статьи : Ганна Шылец
Фотограф : Анатоль Клешчук

Першая нядзеля снежня – традыцыйна святочная для ўсіх прафесійных юрыстаў. Напярэдадні гэтай даты «Звязда» пагаварыла з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі, кандыдатам юрыдычных навук, дацэнтам Яўгенам Каваленкам пра прававую інфарматызацыю ў краіне і ролю, якую адыгрывае ў Беларусі падначаленая яму арганізацыя.

– Яўген Іосіфавіч, найперш раскажыце, якія функцыі ўскладзены на Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі?

– Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі – гэта цэнтральная навукова-практычная арганізацыя, якая ажыццяўляе збор, улік, апрацоўку, захаванне, сістэматызацыю і актуалізацыю эталоннай прававой інфармацыі, яе распаўсюджванне. Іншымі словамі, забяспечвае функцыянаванне і развіццё дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі.

У прыватнасці, НЦПІ адказвае за працэс апрацоўкі прававых актаў ад моманту іх прыняцця (выдання) да афіцыйнага апублікавання на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь і ўключэння ў дзяржаўныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы. Таму адна з найважнейшых функцый арганізацыі – афіцыйнае апублікаванне нарматыўных прававых актаў і вядзенне Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, штодня ў Нацыянальным рэестры рэгіструецца каля 70 прававых актаў, зараз іх ужо больш за 190 тысяч.

Таксама НЦПІ займаецца вядзеннем асноўнага дзяржаўнага інфармацыйна-прававога рэсурса – эталоннага банка даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Ён уяўляе сабой поўны сістэматызаваны збор актуалізаванага заканадаўства ў электронным выглядзе – амаль 200 тысяч прававых актаў і міжнародных тамоў на сёння. Збор прававых актаў, іх апрацоўка, сістэматызацыя і абнаўленне ажыццяўляюцца з дапамогай сучаснай і ўнікальнай у сваім родзе тэхналогіі.

– У 2016 годзе адбыліся пэўныя змены ў прававым рэгуляванні сферы распаўсюджвання прававой інфармацыі, Прэзідэнт падпісаў адпаведны ўказ. Якія перадумовы прывялі да гэтага і што дакладна змянілася?

– Пачнём з таго, што паколькі НЦПІ забяспечвае вядзенне эталоннага банка даных, афіцыйнае апублікаванне, то менавіта ён адказвае за якасць прававой інфармацыі на сваіх рэсурсах і адпаведнасць яе арыгіналу. Натуральна, што Нацыянальны цэнтр таксама заклапочаны, каб усе іншыя распаўсюджвальнікі прававой інфармацыі, якімі з'яўляюцца і даведачна-інфармацыйныя сістэмы па заканадаўстве, і выдаўцы спецыяльнай літаратуры на прававую тэматыку, і ўладальнікі тэматычных інтэрнэт-сайтаў, падавалі яе ў належным стане і выглядзе, бо крыніцай і эталонам такой прававой інфармацыі з'яўляюцца менавіта рэсурсы НЦПІ.

Таму згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 ліпеня 2016 г. № 261 і адбыліся змены ў парадку распаўсюджвання прававой інфармацыі і сістэме дзяржаўных прававых рэсурсаў. Калі канкрэтна, дакумент удакладніў кола суб'ектаў, якія абавязаны заключаць дамову з НЦПІ для прадстаўлення прававой інфармацыі.

Адначасова пашыраны спіс выпадкаў, у якіх дапускаецца ажыццяўленне дзейнасці па распаўсюджванні і падачы прававой інфармацыі без заключэння дамовы з НЦПІ. Напрыклад, арганізацыі і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць не заключаць дагавор, калі размяшчаюць на сваіх сайтах не больш за пяць прававых актаў, якія датычаць іх уласнай дзейнасці.

Акрамя таго, НЦПІ належыць функцыя кантролю за выкананнем патрабаванняў заканадаўства ў галіне распаўсюджвання (прадстаўлення) прававой інфармацыі. Таму аналізуецца не толькі прававая інфармацыя, якую суб'екты распаўсюджваюць згодна з дамовай, але ўвогуле даследуюцца факты распаўсюджвання прававой інфармацыі, каб своечасова выявіць парушэнне заканадаўства.

Дарэчы, паводле судовай практыкі, у шэрагу выпадкаў распаўсюджванне прававой інфармацыі без дазволу Нацыянальнага цэнтра кампетэнтныя органы кваліфікуюць як незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, што можа прывесці да штрафу з канфіскацыяй даходу, атрыманага ў выніку такой дзейнасці, сродкаў здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння.

Таксама Указ № 261 вызначае, што дзяржаўныя органы і арганізацыі павінны выкарыстоўваць інфармацыйна-прававыя рэсурсы НЦПІ (спіс якіх таксама ўдакладнены ва Указе № 261) не толькі падчас нарматворчасці, але і ў дзейнасці па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур.

– Акрамя ўласна сістэматызацыі прававой інфармацыі Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі забяспечвае дзейнасць разнастайных рэсурсаў, у тым ліку ў інтэрнэце. Якія з іх больш арыентаваны на прафесійную юрыдычную супольнасць, а якія – на грамадзян, не звязаных са сферай права?

– Магу сказаць, што ўсе яны адрасаваны шырокаму колу карыстальнікаў. Мы нават у слогане арганізацыі зазначылі, што робім прававую інфармацыю даступнай для ўсіх.

Безумоўна, пераважная колькасць наведвальнікаў рэсурсаў НЦПІ ў інтэрнэце – прафесійныя юрысты, эканамісты і г.д. – усе, хто па прычыне сваёй прафесійнай прыналежнасці павінен сачыць за змяненнямі ў заканадаўстве, навінамі прававой сферы ў краіне і за яе межамі. Напрыклад, Нацыянальны прававы Інтэрнэт-партал – перш за ўсё адзіная крыніца афіцыйнага апублікавання прававых актаў краіны. Але таксама гэта інфармацыйны рэсурс, які акумулюе юрыдычныя навіны, друкуе артыкулы і рэпартажы ўласных карэспандэнтаў, змяшчае праекты законаў, навукова-практычную і даведачную інфармацыю.

Ці возьмем Прававы форум Беларусі – гэта не толькі рэсурс, дзе грамадзяне могуць задаць свае пытанні юрыстам з ліку ўдзельнікаў форума, але таксама гэта інтэрактыўная пляцоўка для дыскусій наконт дзеючага заканадаўства і практыкі яго выкарыстання, узяць удзел у якіх могуць не толькі юрысты. Пашыраецца значэнне форума і ў якасці пляцоўкі для афіцыйнага публічнага абмеркавання найбольш уплывовых праектаў нарматыўных прававых актаў.

Узгаданыя рэсурсы, такім чынам, цікавыя не толькі юрыстам і эканамістам. Партал, напрыклад, штомесяц наведвае 280 тысяч чалавек, форум – 36 тысяч. Да таго ж, акрамя дарослай аўдыторыі, нам ёсць што прапанаваць і дзецям. Дзіцячы прававы сайт – унікальны рэсурс, арыентаваны на малодшую аўдыторыю, а таксама бацькоў, выкладчыкаў і выхавальнікаў.

Вядома ж, шэраг рэсурсаў НЦПІ мае накіраванасць менавіта на юрыстаў-прафесіяналаў. Напрыклад, арганізацыя забяспечвае фарміраванне і падтрыманне ў актуальным стане банкаў даных: праектаў законаў Рэспублікі Беларусь, правапрымяняльнай практыкі (сёння налічвае больш за 12 000 дакументаў), судовай практыкі (больш за 26 700 дакументаў), формаў дакументаў, тэхнічных нарматыўных прававых актаў, лакальных прававых актаў дзяржаўных органаў і іншых арганізацый (больш за 200 банкаў даных), тэматычных банкаў даных (у тым ліку створаны сёлета банк даных «Спартыўнае права»).

А інфармацыйна-пошукавыя сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ОNLІNЕ» створаны, каб забяспечваць юрыстам аператыўны доступ да актуальнага і афіцыйнага заканадаўства. Таксама разам з Беларускім дзяржаўным інстытутам стандартызацыі і сертыфікацыі ў гэтым годзе мы стварылі адзіную інфармацыйную платформу «ЭТАЛОН-Стандарт», якая забяспечвае доступ да нарматыўных прававых актаў і тэхнічнай «нарматыўкі».

Самі бачыце: ёсць што прапанаваць і вузкім спецыялістам, і проста неабыякавым да заканадаўства асобам. Важна, што мы намагаемся не пакідаць нашу аўдыторыю сам-насам з усім гэтым сапраўды морам прававой інфармацыі, якую генеруе НЦПІ. Таму ідзём за сваёй аўдыторыяй у сацсеткі: даведацца пра навіны заканадаўства могуць карыстальнікі амаль усіх папулярных у нашай краіне сацыяльных сетак, а нядаўна мы нават стварылі публічны чат у Vіbеr. Сучасны чалавек павінен мець магчымасць атрымаць гарантавана якасную прававую інфармацыю праз любы са зручных для яго каналаў.

Прынамсі, інтэрнэт-тэхналогіі сёння дазваляюць не толькі пастаўляць гатовую інфармацыю спажыўцам, але таксама пэўным чынам выхоўваць сваю аўдыторыю, спрыяць прафесійнаму станаўленню маладога пакалення юрыстаў. Што я маю на ўвазе: напрыклад, пераважная доля падпісчыкаў старонкі Нацыянальнага прававога Інтэрнэт-партала ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» – моладзь ва ўзросце 18–27 гадоў. Гэта значыць, што нас чытаюць студэнты, выпускнікі, маладыя юрысты –самая актыўная і мабільная частка прафесійнай супольнасці. І мы здольныя дапамагчы ім вырасці ў сапраўдных прафесіяналаў.

– Аднак ІТ-прастора – адна з самых дынамічных і хутка развіваецца. Каб заставацца ў трэндзе, трэба ўвесь час змяняцца разам са зменлівымі тэндэнцыямі. Якую перспектыву бачыць Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі ў гэтым напрамку?

– Знаходзячыся, можна сказаць, на вастрыі прававой інфарматызацыі краіны, мы добра ўсведамляем хуткаплыннасць і зменліваць тэхналагічнай прасторы і робім пэўныя захады, каб адпавядаць сучасным патрабаванням. У гэтым годзе дапрацавалі інфармацыйна-пошукавую сістэму «ЭТАЛОН» версіі 6.7 – палепшылі алгарытмы пошуку.

Таксама ў супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным універсітэтам у інфармацыйна-пошукавых сістэмах «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ОNLІNЕ» была значна пашырана лінгвістычная база для аўтаматычнага перакладу тэкстаў нарматыўных прававых актаў і іншых дакументаў з рускай на беларускую мову (і наадварот) – больш чым на 80 тысяч руска-беларускіх перакладаў слоў.

Планаў на будучыню шмат. Так, будзем мадэрнізаваць сістэму «ЭТАЛОН-ОNLІNЕ» і яе сайт пад адаптыўны дызайн, які будзе лёгка змяняцца пад любыя мабільныя прылады. Зараз вы можаце пабачыць такое на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале. Дарэчы, партал – першы з рэсурсаў дзяржаўных органаў, пераведзены на адаптыўны дызайн. Да таго ж значна спрасцілася структура партала. З гэтай нагоды сёлета ён быў адзначаны інтэрнэт-прэміяй «Tіbо-2016» за першае месца ў намінацыі «Рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання».

Увогуле, у межах дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі і надалей будзем удасканальваць механізмы і спосабы доступу да прававой інфармацыі ў электроннай форме праз інтэрнэт і воблачныя тэхналогіі.

– Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі надае ўвагу і навуковай дзейнасці ў галіне прававой інфарматызацыі?

– Так. Сёлета зацверджана Праграма развіцця навуковай і навукова-тэхнічнай дзейнасці НЦПІ на 2016–2020 гады. У межах праграмы праводзяцца навуковыя даследаванні і распрацоўкі, накіраваныя на развіццё дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі. У прыватнасці, у гэтым годзе здзейснена навукова-даследчая праца па мадэрнізацыі тэхналогіі фарміравання эталоннага банка даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь на падставе перспектыўных тэхналогій, якія існуюць у краіне, і з улікам пераходу на электронны дакументазварот.

Таксама НЦПІ – выдавец навукова-практычнага часопіса «Право.bу», які распаўсюджваецца не толькі на паперы, але і ў рdf-версіі. Часопіс уключаны Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй у спіс навуковых выданняў для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па юрыдычных спецыяльнасцях. Навуковыя публікацыі часопіса індэксуюцца ў міжнароднай навукаметрычнай базе даных «Расійскі індэкс навуковага цытавання», які мае больш за мільён зарэгістраваных карыстальнікаў.

Акрамя таго, НЦПІ не першы год праводзіць адукацыйныя семінары для юрыстаў па пытаннях практыкі выкарыстання нормаў беларускага заканадаўства.

– І апошняе пытанне, але па важнасці – не з апошніх: раскажыце, калі ласка, крыху падрабязней пра перспектывы развіцця дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі.

– Сёння дзяржаўная сістэма прававой інфармацыі дазваляе забяспечваць укараненне нацыянальнага прававога масіву ў сусветную інфармацыйную прастору. Дзяржаўныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы накіраваны на самыя розныя ўзроставыя і мэтавыя групы і цалкам забяспечваюць інфармацыйныя патрэбы суб'ектаў гаспадарання і грамадзян у прававой інфармацыі.

На бліжэйшую перспектыву плануем і далей працаваць над пашырэннем зместу дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў і іх функцыяналу, стварэннем банкаў даных лакальных прававых актаў, прынятых дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі.

Паралельна будзе працягвацца ўкараненне электроннага дакументаабароту ў працэс фарміравання прававых інфармацыйных рэсурсаў.

Адзін з перспектыўных напрамкаў – шырокае выкарыстанне нарматворчымі органамі аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы, якая забяспечвае фарміраванне Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Яна дазваляе аптымізаваць і аўтаматызаваць правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў, рэгістрацыю гэтых актаў у Нацыянальным рэестры, афіцыйнае апублікаванне на Нацыянальным прававым Інтэрнэт-партале.

Сістэмай ад пачатку года ўжо карыстаюцца мясцовыя Саветы дэпутатаў, выканаўчыя і распарадчыя органы базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, галоўныя ўпраўленні юстыцыі аблвыканкамаў і сам Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі. У выніку значна скараціліся тэрміны афіцыйнага апублікавання нарматыўных прававых актаў гэтых органаў. Праз аўтаматызаваную сістэму ў Нацыянальным рэестры ўжо зарэгістравана больш за 4700 нарматыўных прававых актаў.

На будучыню плануем, што згаданая аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма пакладзе пачатак комплекснай аўтаматызацыі нарматворчай дзейнасці дзяржаўных органаў, будзе садзейнічаць аптымізацыі працэсаў фарміравання адзінай інфармацыйна-прававой прасторы і дазволіць узняць на новы ўзровень нарматворчасць у краіне. Напрыклад, у перспектыве праз сістэму будуць праходзіць нарматыўныя прававыя акты не толькі рэспубліканскага ўзроўню, а таксама здзяйсняцца падрыхтоўка праектаў нарматыўных прававых актаў.

Таксама ў межах дзяржаўнай сістэмы прававой інфармацыі працягнецца пашырэнне кола суб'ектаў, якія забяспечваюцца афіцыйнай прававой інфармацыяй: міжнародных арганізацый і інтэграцыйных аб'яднанняў, членам або ўдзельнікам якіх з'яўляецца Рэспубліка Беларусь, замежных дзяржаў, а таксама іх органаў.

Важным напрамкам застаецца забеспячэнне судоў, органаў пракуратуры, адвакатуры, натарыяту, іншых арганізацый і грамадзян актуальнай і праўдзівай інфармацыяй пра судовую і правапрымяняльную практыку.

Напрыканцы хачу скарыстаць магчымасць і звярнуцца да калег. З нагоды прафесійнага свята зычу вам, паважаныя юрысты, плённай працы на карысць Беларусі, новых паспяховых здзяйсненняў, свабоднай думкі і новых цікавых ідэй. Будзем разам спрыяць развіццю беларускага заканадаўства!

Фота Анатоля Клешчука 

«Звязда», № 234 (28344) ад 3 снежня 2016 г.


Вернуться в список статей


На главнуюКарта сайтаКонтактыEnglish
 Поиск по сайту 
   
 Быстрый переход 

Кинофильм о НЦПИ

Подписка на Национальный реестр правовых актов

Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь

Правовой форум Беларуси

Детский правовой сайт

Журнал Право.by

Подписка на журнал Правобай

НЦПИ вTwitter

Видеоканал НЦПИ на YouTube

Страница Pravo,by ВКонтакте

Pravo.by in Facebook

Страница Pravo.by в Одноклассниках

Многоязычный словарь юридических терминов

РЦПИ Минской области

Интернет-магазин РЦПИ Минской области

Акция 3+2 на 2017 год

Акция «Все включено»

Зарубежное законодательство

ИПС «ЭТАЛОН-СТАНДАРТ»



 Наши счетчики 

 

© Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 1998-2017
Адрес: Республика Беларусь, 220030, г. Минск, ул. Берсона, 1а.
тел. факс 375-17-2799909; e-mail: sales@ncpi.gov.by
Дизайн сайта основан на разработке
Pixelhead