01.10.2002

Юлiй КАШЫНСКI, дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь: "Найлепшы доказ адкрытасцi дзяржавы - свабодны доступ да яе прававых актаў"

Издание : Звязда
Номер : 01/10/2002 № 233 (24612)

Сёння спаўняецца 5 гадоў з дня стварэння Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь.

Нацыянальны цэнтр прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь (НЦПI) створаны Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 30 чэрвеня 1997 г. № 338. Пасля вырашэння арганiзацыйных пытанняў практычная дзейнасць пачалася 1 кастрычнiка. Менавiта гэты дзень i лiчыцца фактычным днём нараджэння цэнтра.

НЦПI вызначаны як цэнтральная дзяржаўная навукова-практычная ўстанова ў галiне камп’ютарнага назапашвання, захоўвання, сiстэматызацыi i прадастаўлення ў карыстанне эталоннай прававой iнфармацыi на папяровых i электронных (магнiтных) носьбiтах, а таксама стварэння мiждзяржаўнай сiстэмы абмену прававой iнфармацыяй.

Фiлiялы цэнтра створаны ў абласных цэнтрах краiны і ў Мінску. Амаль усе яго супрацоўнiкi маюць вышэйшую адукацыю — як правiла, юрыдычную, матэматычную, iнжынерна-тэхнiчную i фiлалагiчную. Сярэднi ўзрост iх 35 гадоў. Тут працуюць пяць кандыдатаў навук.

За шматгадовую плённую працу, значны ўклад ва ўдасканаленне дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 5 лiпеня 2002 г. № 366 дырэктар НЦПI Юлiй Iосiфавiч Кашынскi ўзнагароджаны медалём "За працоўныя заслугi". Двум супрацоўнiкам НЦПI аб’яўлена Падзяка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.

Наш карэспандэнт сустрэўся з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Юлiем КАШЫНСКIМ i папрасiў яго больш падрабязна расказаць аб рабоце цэнтра.

Юлiй Iосiфавiч, для вас i супрацоўнiкаў цэнтра першы юбiлей, хутчэй за ўсё, не толькi радасная падзея, але i прычына падвесцi некаторыя вынiкi, крытычна асэнсаваць зробленае. Якi, на ваш погляд, галоўны вынiк пяцiгадовай дзейнасцi цэнтра?

— Важна тое, што за кароткi тэрмiн у Беларусi створана эфектыўная дзяржаўная сiстэма прававой iнфармацыi, заснаваная на выкарыстаннi перадавых iнфармацыйных тэхналогiй. Гэта дало магчымасць акумулiраваць прававыя акты, што прымаюцца ў краiне, падтрымлiваць iх у кантрольным стане i забяспечваць эталоннай прававой iнфармацыяй кожнага, у каго ўзнiкне патрэба ў ёй. Па сутнасцi, адбылася эвалюцыя ўкаранення iнфарматызацыi ў нацыянальнае права на падставе сплаву сучасных камп’ютарных тэхналогiй i заканадаўства.

Акрамя таго, сёння можна з упэўненасцю сказаць, што Нацыянальны цэнтр прававой iнфармацыi — самая сучасная ў СНД i, бадай, адна з найбольш аўтарытэтных у Еўропе дзяржаўных структур па ўлiку прававых актаў, вядзенню эталоннага банка даных прававой iнфармацыi i яе распаўсюджанню. Феномен, на мой погляд, заключаецца ў тым, што тут рэальна спалучаецца навуковая i практычная дзейнасць у галiне прававой iнфарматызацыi. Сёння цэнтр з’яўляецца свайго роду кансалiдуючай асновай пабудовы дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi Беларусi. НЦПI, паводле заключэння экспертаў СНД, стаў базавай структурай па стварэнню мiждзяржаўнай сiстэмы абмену прававой iнфармацыяй.

Наогул, кажучы словамi аднаго вядомага кiнаперсанажа, тое, што дасягнута, "гэта, зразумела, не подзвiг, але штосьцi гераiчнае ў гэтым ёсць". Хоць зусiм ясна, што мы ўсе знаходзiмся ў пачатку доўгага i складанага шляху, але важна iншае — напрамак вызначаны дакладны i зроблены першыя самыя цяжкiя крокi, а далей — дарогу асiлiць той, хто iдзе наперад!

Зразумела, усё гэта стала магчымым дзякуючы многiм фактарам. У першую чаргу да iх лiку трэба аднесцi паслядоўнае правядзенне адзiнай дзяржаўнай прававой палiтыкi, гарантам якой, згодна з нашай Канстытуцыяй, з’яўляецца Прэзiдэнт. Напачатку Кiраўнiком дзяржавы былi канкрэтна вызначаны мэты дзейнасцi i забяспечаны дакладны падзел працы ў прававой сферы, што практычна гарантавала iнфармацыйна-прававы прарыў рэспублiкi. Да гэтага трэба дадаць пастаянную падтрымку з боку кiраўнiцтва краiны, цеснае i плённае супрацоўнiцтва з усiмi дзяржаўнымi органамi i, безумоўна, карпатлiвую i творчую работу ўсяго калектыву цэнтра.

Мiж тым, дзейнасць НЦПI не так шырока асвятляецца ў сродках масавай iнфармацыi.

— Гэта, у прынцыпе, нармальна, хоць i не зусiм правiльна. У прафесiйным асяроддзi — як у рэспублiцы, так i за мяжой — НЦПI добра вядомы, яго аўтарытэт вельмi высокi. А прафесiйнае прызнанне для нас дорага каштуе. Што ж датычыцца вядомасцi сярод звычайных грамадзян, то трэба ўлiчваць, што НЦПI выпускае i распаўсюджвае цалкам унiкальны прадукт — прававую iнфармацыю, змест якой складаюць нацыянальныя прававыя нормы. З-за спецыфiкi прадукцыi цяжка чакаць, што НЦПI будзе таксама папулярны, як, напрыклад, стваральнiкi шоу-праграм.

Для нас важней тое, што прававой iнфармацыяй, падрыхтаванай цэнтрам, карыстаюцца мiльёны людзей. Можа быць, якраз тое, што мы не крычым аб сваёй дзейнасцi, а проста працуем, працуем спакойна, упэўнена i грунтоўна, дало магчымасць нам за непрацяглы час эфектыўна рэалiзаваць асноўную задачу — сiстэматызаваць i зрабiць даступным заканадаўства, забяспечыць афiцыйнасць i адзiнства яго прадстаўлення на ўсёй тэрыторыi краiны.

Цiкава даведацца, як усё пачыналася.

— Каб рэальна ўявiць, якi вялiкi крок зроблены па шляху прававой iнфарматызацыi, трэба ўспомнiць, у якiм стане знаходзiлася айчынная прававая сiстэма ў першыя гады пасля набыцця краiнай незалежнасцi.

Наша заканадаўства ў гэты перыяд (што, дарэчы, характэрна i для iншых краiн былога СССР) адрознiвалася грувастскасцю. Становiшча ўскладнялася яшчэ i тым, што нацыянальная нарматворчасць была бурнай i практычна бессiстэмнай. Палiтычная нестабiльнасць грамадства самым негатыўным чынам адбiвалася на стане беларускага заканадаўства.

Склалася парадаксальная сiтуацыя, калi ў краiне дзейнiчалi дзесяткi тысяч нарматыўных прававых актаў, разабрацца ў якiх часам было немагчыма не толькi радавым грамадзянам, але i правазнаўцам. Спадзявацца на эфектыўнае развiццё нашага грамадства, надзейную абарону правоў чалавека ў такiх умовах проста не даводзiлася.

Пасля выбрання Прэзiдэнта i прыняцця на рэспублiканскiм рэферэндуме Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь у новай рэдакцыi з’явiлася рэальная магчымасць на падставе палiтычнай стабiльнасцi, дакладнага падзелу ўладных паўнамоцтваў пачаць шырокамаштабную i паўнацэнную рэформу нацыянальнага заканадаўства.

Грамадства да гэтага часу прыйшло да ўсведамлення таго, што якасная прававая iнфармацыя з’яўляецца штодзённай неабходнасцю. У адпаведнасцi з артыкулам 34 Канстытуцыi грамадзянам Беларусi гарантуецца права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, грамадскiх аб’яднанняў, аб палiтычным, эканамiчным, культурным i мiжнародным жыццi, стане навакольнага асяроддзя. Таму палiтыка нашай дзяржавы была актыўна накiравана на стварэнне ўмоў для эфектыўнага i якаснага забеспячэння прававой iнфармацыяй на самых розных узроўнях — ад дзяржаўных органаў да кожнага грамадзянiна. Пры гэтым да прававой iнфармацыi прад’яўляюцца самыя высокiя патрабаваннi, сярод якiх яе паўната, афiцыйнасць, дакладнасць, даступнасць i своечасовасць.

Ва ўмовах глабальных працэсаў iнфарматызацыi дасягненне гэтых мэтаў магчыма толькi шляхам актыўнага ўкаранення ў прававую сферу самых сучасных iнфармацыйных i камп’ютарных тэхналогiй. Без iх выкарыстання сёння не можа быць эфектыўна вырашана нiводная практычная задача: для прыняцця ж рашэння, як правiла, трэба прааналiзаваць, параўнаць i асэнсаваць вялiкую колькасць прававых дакументаў.

Зыходзячы з гэтага, Кiраўнiком дзяржавы быў канцэптуальна вызначаны адзiн з магiстральных напрамкаў развiцця прававой сферы: фармiраванне агульнай iнфармацыйна-прававой прасторы ў краiне i стварэнне дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi. Гэта мае на ўвазе перш за ўсё стварэнне адзiнай сiстэмы ўлiку прававых актаў i распаўсюджвання прававой iнфармацыi, заснаванай на перадавых iнфармацыйных тэхналогiях.

У сувязi з гэтым асноўнай задачай Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi i стала фармiраванне дакладнага механiзма ўлiку прававых актаў, што фармiруюць заканадаўства нашай краiны, забеспячэнне iх эталоннасцi i арганiзацыя эфектыўнай сiстэмы распаўсюджвання прававой iнфармацыi.

Па якiх асноўных напрамках арганiзавана дзейнасць цэнтра?

— Дзейнасць НЦПI вельмi шматпланавая. Але стратэгiчнымi для НЦПI з’яўляюцца два напрамкi. Першы — акумулiраванне прававых актаў. Мы назапашваем поўныя i дакладныя юрыдычныя дакументы i сiстэматызуем iх. Другi напрамак — распаўсюджванне прававой iнфармацыi: даём магчымасць не толькi дзяржаўным арганiзацыям, але i ўсiм грамадзянам атрымлiваць якасную прававую iнфармацыю. Усё, што рабiў, робiць i чым будзе займацца цэнтр, разглядаецца ў комплексе i накiравана на дасягненне адной глабальнай мэты — развiцця адзiнай дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi. А любая сiстэма мае на ўвазе дакладную арганiзацыю i структуру. Яе арганiзуючай асновай на сённяшнi дзень стаў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, створаны Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 20 лiпеня 1998 г. № 369.

Iдэя стварэння дзяржаўнай сiстэмы ўлiку прававых актаў, што складаюць заканадаўства рэспублiкi, выношвалася даўно i была рэалiзавана дзякуючы падтрымцы з боку Кiраўнiка дзяржавы. Менавiта такой сiстэмай улiку стаў Нацыянальны рэестр. Цяпер, у адрозненне ад iншых краiн СНД, у Беларусi вырашаны пытаннi кансалiдацыi патокаў прававой iнфармацыi. Распрацаваны i дзейнiчае парадак абавязковага i своечасовага прадстаўлення ў НЦПI прававых актаў незалежна ад узроўню органа, якi iх прымае. Гэта прынцыповае дасягненне!

Адначасова з рэгiстрацыяй у Нацыянальным рэестры новых актаў цэнтрам сумесна з iншымi дзяржаўнымi органамi на працягу двух гадоў была праведзена "iнвентарызацыя" ўсiх прававых актаў, прынятых за ўвесь перыяд iснавання Рэспублiкi Беларусь, пачынаючы з 1919 года.

Такая своеасаблiвая рэвiзiя прававой базы дала магчымасць выявiць акты, якiя рэальна дзейнiчаюць i, адпаведна, падлягаюць уключэнню ў Нацыянальны рэестр. Акрамя таго, у ходзе "iнвентарызацыi" з’явiлася унiкальная магчымасць вызначыць "белыя плямы", якiя ёсць у заканадаўстве, дублiраванне прававых актаў, намецiць шляхi лiквiдацыi гэтых недахопаў.

Самае галоўнае, што сёння на падставе атрыманай iнфармацыi сфармiраваны поўны эталонны масiў дзеючага заканадаўства нашай краiны. У Нацыянальным рэестры зарэгiстравана амаль 9000 нарматыўных прававых актаў, прынятых дзяржаўнымi органамi да 1 студзеня 1999 года, i больш як 19.000 прававых актаў, прынятых з 1 студзеня 1999 года, калi i пачаў весцiся гэты рэестр.

Недалёка той дзень, калi можна будзе з упэўненасцю сказаць, што прававыя акты, якiя не ўключаны ў Нацыянальны рэестр у якасцi дзеючых, не маюць юрыдычнай сiлы на тэрыторыi рэспублiкi. Гэта не перабольшанне, а простая канстатацыя завяршэння вялiкай работы, праведзенай цэнтрам ва ўзаемадзеяннi з усiмi дзяржаўнымi органамi краiны. Створаны сапраўды iдэальныя ўмовы для далейшага ўдасканалення заканадаўства.

Цi адкрыта гэта скарбнiца заканадаўства для шырокага карыстання?

— Рэестр напачатку створаны як агульнадаступны сродак улiку. Прававая iнфармацыя ў дэмакратычным грамадстве не можа насiць закрыты i элiтарны характар. Таму рэестр даступны як у друкаваным, так i ў электронным выглядзе. Кожны, хто падпiшацца на афiцыйнае выданне Нацыянальнага рэестра прававых актаў, становiцца паўнапраўным уладальнiкам актуальных прававых ведаў.

Выданне Нацыянальнага рэестра прававых актаў — сапраўды унiкальная з’ява для нашай краiны. Гэта адзiнае афiцыйнае друкаванае выданне, у якiм у поўным аб’ёме публiкуюцца ўсе новыя прававыя акты незалежна ад органа прыняцця. Не публiкуецца толькi тое, што змяшчае дзяржаўныя сакрэты. Тыраж выдання Нацыянальнага рэестра прававых актаў стабiльна трымаецца на ўзроўнi каля 5 тысяч экземпляраў, а перыядычнасць выхаду ў свет за тры гады iснавання ўзрасла з 8 да 12 нумароў у месяц. Колькасць падпiсчыкаў выдання Нацыянальнага рэестра прававых актаў азначае, што яно па вартасцi ацэнена i запатрабавана. За гэты час выдадзена больш за 400 нумароў Нацыянальнага рэестра прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, а агульная колькасць апублiкаваных у iм прававых актаў наблiжаецца да 20 тысяч.

Акрамя арганiзацыi ўлiку прававых актаў, што складаюць заканадаўства Беларусi, якiя яшчэ задачы вырашаюцца з увядзеннем Нацыянальнага рэестра?

— Перш за ўсё, найважнейшае практычнае значэнне вядзення Нацыянальнага рэестра заключаецца ў тым, што поўны i сiстэматычны ўлiк прававых актаў дае магчымасць фармiраваць эталонны масiў заканадаўства — эталонны банк даных прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь (ЭБДПI). Такiм чынам, рэспублiка мае фактычна цалкам сфармiраваны, пастаянна абнаўляемы i падтрымлiваемы ў актуальным стане дзяржаўны прававы рэсурс.

Менавiта стварэнне эталоннага банка даных прававой iнфармацыi з’яўляецца адным з самых яркiх прыкладаў паспяховага сiмбiёзу юрыдычнай i камп’ютарнай думкi, той iнавацыйнай эвалюцыi ў праве, аб якой мы з вамi гаварылi раней. Для забеспячэння працэсу збору прававых актаў, iх юрыдычнай апрацоўкi, сiстэматызацыi i абнаўлення ў НЦПI створана спецыялiзаваная i ў сваiм родзе унiкальная тэхналогiя, якая базiруецца на кам’ютарных i найноўшых iнфармацыйных тэхналогiях.

Працэс iнфармацыйнага напаўнення ЭБДПI грунтуецца на штодзённай апрацоўцы i ўключэннi ў яго прававых актаў, якiя паступiлi на працягу дня ў Нацыянальны рэестр, а таксама сiстэматызацыi iх у адпаведнасцi з Адзiным прававым класiфiкатарам Рэспублiкi Беларусь. Усе дакументы падтрымлiваюцца ў кантрольным стане згодна з унесенымi ў iх змяненнямi i дапаўненнямi. Гэта дае магчымасць у любы момант прасачыць гiсторыю прававога рэгулявання адпаведных адносiнаў.

Вядзенне цэнтрам эталоннага банка даных прававой iнфармацыi адыгрывае рашаючую ролю ў працэсе арганiзацыi распаўсюджвання дакладнай прававой iнфармацыi. Гэта важна, паколькi акрамя цэнтра распаўсюджваннем такой iнфармацыi займаюцца яшчэ 8 арганiзацый. Тым не менш, адрозненнi памiж iх кам’ютарнымi базамi даных прававой iнфармацыi не датычацца iх зместу. Сутнасць у тым, што, згодна з заканадаўствам, прававая iнфармацыя ва ўсе прыкладныя камп’ютарныя базы трапляе з адной крынiцы — эталоннага банка даных прававой iнфармацыi. Таму памылкi або разыходжаннi ў базах практычна выключаныя.

Разам з эталонным банкам даных прававой iнфармацыi НЦПI ў адпаведнасцi з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 24 лiпеня 1998 г. № 376 створаны камп’ютарны банк даных праектаў законаў.

Мэта яго стварэння — удасканаленне працэсу падрыхтоўкi i прыняцця законапраектаў на падставе фармiравання поўнага малюнка працэсу заканатворчасцi ў рэспублiцы. Цяпер у камп’ютарным банку даных праектаў законаў утрымлiваецца больш як 500 праектаў законаў i 7000 суправаджальных дакументаў да iх.

Другiм па важнасцi напрамкам у дзейнасцi цэнтра, пасля акумулiравання прававых актаў, вы назвалi распаўсюджванне прававой iнфармацыi. Якiя асноўныя складаныя дзеючай сiстэмы распаўсюджвання гэтай iнфармацыi?

— Трэба падкрэслiць, што менавiта ў распаўсюджваннi дакладнай прававой iнфармацыi мы бачым найважнейшую мэту стварэння i ключавы вектар функцыянавання дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi. Найлепшы доказ адкрытасцi дзяржавы — свабодны доступ да яе прававых актаў. Вобразна кажучы, вядзенне Нацыянальнага рэестра i эталоннага банка даных прававой iнфармацыi пры адсутнасцi магчымасцi свабодна карыстацца iмi раўназначна забароне ў бiблiятэках карыстацца кнiгасховiшчам: гэта ўжо не бiблiятэка, а склад або могiлкi iнфармацыi.

НЦПI з’яўляецца, па сутнасцi, ядром дзеючай сiстэмы распаўсюджвання прававой iнфармацыi. Само ж распаўсюджванне ў сваю чаргу носiць шматвектарны характар, уключаючы традыцыйны выпуск друкаваных прававых выданняў, выкарыстанне сучасных камп’ютарных i Iнтэрнэт-тэхналогiй i iнш.

Так, НЦПI забяспечвае выпуск афiцыйнага перыядычнага выдання Нацыянальнага рэестра прававых актаў, з лiпеня гэтага года iм сумесна з Мiнiстэрствам юстыцыi выдаецца часопiс "Права Беларусi". У лiку iншай друкаванай прадукцыi цэнтра хацелася б выдзелiць Зборнiк дзеючых нарматыўных прававых актаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь (1994—2000), Зборнiк заканадаўства Рэспублiкi Беларусь аб працоўнай i выканальнiцкай дысцыплiне, а таксама 11 найменняў кодэксаў Рэспублiкi Беларусь.

Працягваючы развiваць выпуск прававых выданняў, НЦПI iмкнецца ў прыярытэтным парадку iнтэнсiўна выкарыстоўваць сапраўды бязмежны патэнцыял сучасных камп’ютарных i iнфармацыйных тэхналогiй. Цяпер у рэспублiцы больш як 4,5 тысячы арганiзацый i грамадзян (без улiку Iнтэрнэт) карыстаюцца прававой iнфармацыяй у камп’ютарным выглядзе, якая базiруецца на эталонным банку даных прававой iнфармацыi. Непасрэдна НЦПI прадаставiў у карыстанне 2,5 тысячы электронных копiй ЭБДПI (для параўнання: у снежнi 1997 года было ўсяго 389).

Вырабляемыя НЦПI камп’ютарныя базы даных выкарыстоўваюць у сваёй рабоце больш як 400 дзяржаўных органаў, мiждзяржаўных i замежных арганiзацый, у тым лiку Пастаянны Камiтэт Саюзнай дзяржавы, Мiжпарламенцкая Асамблея Садружнасцi Незалежных Дзяржаў, Выканаўчы камiтэт Садружнасцi Незалежных Дзяржаў, вышэйшыя дзяржаўныя органы Расiйскай Федэрацыi, шэраг буйных цэнтраў прававой iнфармацыi ў Казахстане, Кыргызстане, Малдове i Украiне.

Неабходна адзначыць тое, што ў Беларусi створана адзiная аўтаматызаваная iнфармацыйна-тэлекамунiкацыйная сiстэма забеспячэння прававой iнфармацыяй судовых органаў. Гэта дазваляе ўсiм судам штодзённа атрымлiваць па мадэмнай сувязi iнфармацыю аб усiх змяненнях у заканадаўстве.

Вырашэнне такiх складаных i маштабных задач было б немагчыма без стварэння адзiнай дзяржаўнай сеткi распаўсюджвання прававой iнфармацыi не толькi ў сталiцы рэспублiкi, але i ў яе рэгiёнах. Праваднiкамi дзяржаўнай палiтыкi ў галiне прававой iнфарматызацыi непасрэдна на месцах сталi створаныя ва ўсiх абласных цэнтрах i ў Мiнску ў 1999 годзе па рашэнню Прэзiдэнта фiлiялы НЦПI — рэгiянальныя цэнтры прававой iнфармацыi.

Не выкарыстоўваючы бюджэтных крынiц фiнансавання, яны арганiзуюць на адпаведнай тэрыторыi распаўсюджванне прававой iнфармацыi, забяспечваюць ёю органы мясцовага кiравання i самакiравання, удзельнiчаюць у стварэннi шырокай сеткi публiчных цэнтраў прававой iнфармацыi, правядзеннi практычных работ па прававой iнфарматызацыi рэгiёна.

Адной з важнейшых асаблiвасцяў дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi з’яўляецца тое, што дзяржава актыўна ўплывае праз НЦПI на iншых распаўсюджвальнiкаў камп’ютарных банкаў даных прававой iнфармацыi. Для забеспячэння дакладнасцi распаўсюджваемай прававой iнфармацыi ўсе арганiзацыi абавязаны выкарыстоўваць iнфармацыйныя i тэхналагiчныя складаныя эталоннага банка даных прававой iнфармацыi (як эталоннага). Такiм чынам, мы можам сказаць, што ўсе карыстальнiкi нарматыўнай прававой iнфармацыi ў краiне — нашы!

Якiм чынам выкарыстоўваюцца цэнтрам у працэсе распаўсюджвання прававой iнфармацыi магчымасцi глабальнай камп’ютарнай сеткi Iнтэрнэт?

— Нацыянальны цэнтр прававой iнфармацыi актыўна выкарыстоўвае Iнтэрнэт для ажыццяўлення функцый, даручаных яму Кiраўнiком дзяржавы. Вузел Iнтэрнэт (сайт) НЦПI (яго адрас — http://ncpi.gov.by) адкрыты 1 кастрычнiка 1998 г. як дзяржаўны Iнтэрнэт-рэсурс, прызначаны для забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян на атрыманне прававой iнфармацыi.

Наш сайт вызначаецца дынамiчнасцю, iнфармацыя на iм абнаўляецца штодзённа. На сённяшнi дзень сайт НЦПI забяспечвае свабодны доступ да больш чым 13.000 прававых актаў эталоннага банка даных прававой iнфармацыi, у тым лiку да Канстытуцыi, кодэксаў i iншых законаў краiны, дэкрэтаў i ўказаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, пастаноў Урада, а таксама да праектаў законаў Рэспублiкi Беларусь.

Адначасова ён утрымлiвае сайты Канстытуцыйнага Суда, Мiнiстэрства юстыцыi, Мiнiстэрства фiнансаў, Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасцi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь, гаспадарчага суда г. Мiнска, даведнiк дзяржаўных органаў i iншую карысную iнфармацыю. Акрамя таго, на вузле Iнтэрнэт НЦПI размешчаны для свабоднага доступу больш за сто нарматыўных прававых актаў на англiйскай мове, якiя даюць уяўленне як аб дзяржаўнай сiстэме Беларусi, так i аб правiлах вядзення бiзнесу.

Вузел Iнтэрнэт НЦПI з’яўляецца адным з нямногiх у свеце i адзiным у Рэспублiцы Беларусь афiцыйным Iнтэрнэт-рэсурсам, якi на бясплатнай аснове прадастаўляе такi шырокi пералiк прававой iнфармацыi i паслуг. Для ведама: iнфармацыя аб заканадаўстве Рэспублiкi Беларусь запатрабавана спецыялiстамi з больш чым 90 краiн свету.

Трэба адзначыць, што дзейнасць НЦПI па прымяненню Iнтэрнэт-тэхналогiй у праве знайшла разуменне i атрымала станоўчую ацэнку на 24-м (2000 год) i 25-м (2001 год) пасяджэннях Камiтэта экспертаў па iнфармацыйных тэхналогiях i праву Савета Еўропы.

Якiя перспектывы развiцця дзеючага вузла Iнтэрнэт?

— Цяпер у многiх краiнах агульнапрызнана неабходнасць не толькi размяшчэння ў сетцы Iнтэрнэт iнфармацыi аб нацыянальным заканадаўстве, але i комплекснага прадастаўлення звестак аб дзейнасцi дзяржаўных органаў у прававой сферы, а таксама арганiзацыi ўзаемадзеяння спецыялiстаў з прымяненнем iнфармацыйных тэхналогiй.

Такiм чынам, паступовае развiццё НЦПI i пастаянны рост сацыяльнай значнасцi прававых рэсурсаў у сетцы Iнтэрнэт заканамерна прывялi да неабходнасцi трансфармацыi вузла Iнтэрнэт НЦПI ў Нацыянальны прававы Iнтэрнэт-партал. Пад такiм парталам маецца на ўвазе шматкампанентная iнфармацыйная сiстэма, якая канцэнтруе iнфармацыю, веды i iнфармацыйныя паслугi ў галiне права i прававой iнфарматызацыi, а таксама арганiзуе сумесную работу многiх людзей з дапамогай перадавых камп’ютарных тэхналогiй. Гэта будзе асноўны дзяржаўны прававы iнфармацыйны рэсурс сеткi Iнтэрнэт.

Стварэнне такога Нацыянальнага прававога партала адпавядае сусветным тэндэнцыям развiцця iнфармацыйных тэхналогiй у галiне права. Функцыянаванне гэтага партала аб’ектыўна забяспечыць надзейную iнфармацыйную падтрымку знешняй палiтыкi нашай дзяржавы, створыць умовы для актыўнага фармiравання станоўчага iмiджа рэспублiкi на падставе агульнадаступнай дакладнай iнфармацыi i тым самым павысiць эфектыўнасць вырашэння сацыяльна-эканамiчных задач.

Вядома, што НЦПI выступiў iнiцыятарам i з’яўляецца актыўным удзельнiкам стварэння шырокай сеткi публiчных цэнтраў прававой iнфармацыi. Думаю, большасцi будзе цiкава даведацца пра дзейнасць гэтых цэнтраў.

— НЦПI выкарыстоўвае любую магчымасць зрабiць прававую iнфармацыю даступнай для максiмальна большага кола грамадзян i арганiзацый. У гэтым сэнсе стварэнне i развiццё сеткi публiчных цэнтраў прававой iнфармацыi з’яўляецца адным з найбольш цiкавых i перспектыўных праектаў. Мы ўсе разумеем, што шырокае выкарыстанне Iнтэрнэт-рэсурсаў, безумоўна, справа няхай ужо i недалёкага, але ўсё ж будучага. Сёння ж неабходна будаваць сваю iнфармацыйную i прававую палiтыку, рэальна ацэньваючы эканамiчныя магчымасцi дзяржавы i абсалютнай большасцi грамадзян.

На падставе аналiзу працэсаў распаўсюджвання прававой iнфармацыi, ступенi даступнасцi для радавых грамадзян тэкстаў прававых актаў Нацыянальны цэнтр вылучыў i на працягу трох апошнiх гадоў паэтапна рэалiзаваў пры падтрымцы Прэзiдэнта, яго Адмiнiстрацыi, Мiнiстэрства культуры, Нацыянальнай бiблiятэкi i мясцовых выканаўчых органаў iдэю стварэння на базе агульнадаступных бiблiятэк публiчных цэнтраў прававой iнфармацыi (ПЦПI). Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 3 студзеня 2002 г. № 1 публiчныя цэнтры прававой iнфармацыi вызначаны як "пункты свабоднага доступу грамадзян да афiцыйнай прававой iнфармацыi ў мэтах фармiравання прававых ведаў, навыкаў правамерных паводзiнаў, уважлiвых адносiнаў да права".

Нягледзячы на цяжкасцi арганiзацыйнага i фiнансавага характару, сёння ўжо створана i працуе больш за 70 ПЦПI.

ПЦПI ў першую чаргу забяспечваюць для грамадзян свабодны доступ да любой прававой iнфармацыi як на папяровых носьбiтах, так i ў электронным выглядзе. У самай блiжэйшай будучынi ПЦПI могуць стаць адным з асноўных звёнаў маштабнай сiстэмы прававой адукацыi насельнiцтва, будуць садзейнiчаць росту прававой культуры i павышэнню прававой граматнасцi грамадзян, эфектыўнасцi прымянення заканадаўства.

Акрамя таго, стварэнне ПЦПI ў рэгiёнах дало штуршок фармiраванню афiцыйных прававых баз мясцовых Саветаў дэпутатаў i выканаўчых органаў. Для наведвальнiкаў ПЦПI немалаважнай аказалася магчымасць вывучыць рэгiянальнае заканадаўства, у адпаведнасцi з якiм адбываецца плата мясцовых падаткаў i збораў, устанаўлiваецца механiзм прадастаўлення льгот асобным катэгорыям насельнiцтва i г. д.

Юлiй Iосiфавiч, дзякуй за iнтэрв’ю. Карыстаючыся выпадкам, мы таксама далучаемся да вiншаванняў i жадаем калектыву цэнтра поспехаў у яго высакароднай справе.

— Вялiкi дзякуй. Шкада толькi, што аб’ём гэтай публiкацыi не дазваляе дэталёва паведаць аб усiх аспектах дзейнасцi Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi. Аднак спадзяюся, што нават гэты крыху канспектыўны расказ дапаможа рэальна ўявiць маштабнасць i разнастайнасць вырашаемых цэнтрам задач.


Рыгор ВАСIЛЕВIЧ,

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь, заслужаны юрыст Рэспублiкi Беларусь

Дзейнасць Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь па сiстэмнаму назапашванню i шырокаму распаўсюджванню прававой iнфармацыi рэальна гарантуе рэалiзацыю канстытуцыйнага права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на атрыманне поўнай, праўдзiвай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, спрыяе росту правасвядомасцi насельнiцтва i развiццю прававой сiстэмы дзяржавы.

Важным вынiкам гэтай дзейнасцi з’яўляюцца ўмацаванне канстытуцыйнасцi, стварэнне прававых умоў для свабоднага i годнага развiцця асобы, павышэнне эфектыўнасцi функцыянавання ўсiх дэмакратычных iнстытутаў беларускага грамадства. Несумненна тое, што ў працэсе развiцця Беларусi як дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы значэнне Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi будзе няўхiльна ўзрастаць, i гэта цалкам аб’ектыўная тэндэнцыя.

Сардэчна вiншую дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь Юлiя Iосiфавiча Кашынскага i ўсiх супрацоўнiкаў з 5-годдзем з дня стварэння Цэнтра i жадаю новых творчых поспехаў.

Мiхаiл МЯСНIКОВIЧ,

Прэзiдэнт Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi

Бадай, самае галоўнае, што Нацыянальны цэнтр прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь адбыўся як цэнтральная ўстанова краiны па назапашванню, захаванню, сiстэматызацыi i прадастаўленню ў карыстанне эталоннай прававой iнфармацыi.

Сёння вынiкi яго дзейнасцi, а гэта спецыфiчныя паслугi прававога забеспячэння, запатрабаваныя як органамi дзяржаўнага кiравання, так i iншымi карыстальнiкамi. А тое, што на сайт Цэнтра штомесяц звяртаюцца больш за тысячу замежных юрыдычных i фiзiчных асоб з 90 краiн, з’яўляецца сведчаннем якаснай працы Цэнтра i цiкавасцi патэнцыяльных партнёраў да нашай краiны.

Канцэнтрацыя практычных, метадычных i арганiзацыйных функцый у Цэнтры дазваляе планамерна i эфектыўна рэгуляваць працэс укаранення перадавых iнфармацыйных тэхналогiй у прававую сферу, гарантуе якаснае прававое забеспячэнне вырашэння задач народнай гаспадаркi i сацыяльна-эканамiчных прыярытэтаў рэспублiкi.

Жадаю калектыву Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь, усiм — кiраўнiцтву i радавым супрацоўнiкам — новых творчых поспехаў на карысць нашай Айчыны.

Вiктар ГАЛАВАНАЎ,

Мiнiстр юстыцыi Рэспублiкi Беларусь

Шчыра вiншую Нацыянальны цэнтр прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь з 5-годдзем з дня яго стварэння.

За кароткi тэрмiн Нацыянальны цэнтр прававой iнфармацыi стаў адной з самых аўтарытэтных у галiне прававой iнфарматызацыi арганiзацый, дзейнасць якой iстотна ўплывае на павышэнне якасцi нарматворчасцi i правакарыстання ў рэспублiцы.

Асаблiва хачу адзначыць важкi ўклад Цэнтра ў iнфармацыйнае забеспячэнне дзейнасцi судоў Рэспублiкi Беларусь, у фармiраванне сiстэмы прававой адукацыi насельнiцтва, павышэнне прававой iнфармаванасцi i прававой культуры беларускага грамадства.

Пры гэтым мне прыемна падкрэслiць высокiя прафесiяналiзм i грамадзянскую пазiцыю дырэктара Цэнтра Юлiя Iосiфавiча Кашынскага, пад кiраўнiцтвам якога паспяхова развiваецца гэтая цэнтральная дзяржаўная навукова-практычная ўстанова.

У сувязi з юбiлеем хочацца пажадаць Цэнтру далейшых поспехаў у высакароднай працы па павышэнню прававой адукаванасцi нашых грамадзян.

Дзмiтрый БУЛАХАЎ,

Першы намеснiк Старшынi Выканаўчага камiтэта — Выканаўчага сакратара СНД, заслужаны юрыст Рэспублiкi Беларусь

Ад усёй душы вiншую калектыў Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi Рэспублiкi Беларусь з юбiлеем.

Яскравым сведчаннем эфектыўнай дзейнасцi Цэнтра з’яўляецца стварэнне ў краiне дзяржаўнай сiстэмы прававой iнфармацыi, якая заснавана на шырокiм укараненнi ў прававую сферу сучасных iнфармацыйных тэхналогiй i цяпер дынамiчна развiваецца.

Несумненнай заслугай Цэнтра i рэальным пацвярджэннем яго мiжнароднага аўтарытэту стала прызнанне айчынных навуковых i практычных распрацовак у галiне фармiравання iнфармацыйна-прававых рэсурсаў у якасцi базавых для пабудовы мiждзяржаўнай сiстэмы абмену прававой iнфармацыяй у рамках СНД.

А залогам гэтага з’яўляюцца энергiя, сацыяльная актыўнасць i творчы падыход да разумення працэсаў прававой iнфарматызацыi калектыву Цэнтра i яго дырэктара Юлiя Iосiфавiча Кашынскага, якi зусiм нядаўна быў узнагароджаны, згодна з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, медалём "За працоўныя заслугi".

Упэўнены, што дзякуючы плённай дзейнасцi Нацыянальнага цэнтра прававой iнфармацыi наша краiна i надалей будзе займаць перадавыя пазiцыi ў сферы прававой iнфарматызацыi.

Хочацца пажадаць усяму калектыву НЦПI захаваць i памножыць той дынамiчны творчы патэнцыял iнтэлектуальнай энергii каманды аднадумцаў, якi заўсёды дазваляў вам вырашаць найскладанейшыя задачы на шляху пабудовы прававой дзяржавы.


Вернуться в список статей


На главнуюКарта сайтаКонтактыEnglish
 Поиск по сайту 
   
 Быстрый переход 
Подписка на Национальный реестр правовых актов

Национальный правовой Интернет-портал Республики Беларусь

Правовой форум Беларуси

Детский правовой сайт

Журнал Право.by

Подписка на журнал Правобай

НЦПИ вTwitter

Видеоканал НЦПИ на YouTube

Страница Pravo,by ВКонтакте

Pravo.by in Facebook

Страница Pravo.by в Одноклассниках

Многоязычный словарь юридических терминов

РЦПИ Минской области

Интернет-магазин РЦПИ Минской области

Акция 3+2 на 2017 год

Акция «Все включено»

Зарубежное законодательство

ИПС «ЭТАЛОН-СТАНДАРТ»

Акция Юбилейная к 20 летию НЦПИ


 Наши счетчики 

 

© Национальный центр правовой информации Республики Беларусь, 1998-2017
Адрес: Республика Беларусь, 220030, г. Минск, ул. Берсона, 1а.
тел. факс 375-17-2799909; e-mail: sales@ncpi.gov.by
Дизайн сайта основан на разработке
Pixelhead