РАШЭННЕ КАНСТУТЫЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛIКI БЕЛАРУСЬ

28 жніўня 2007 г., г. Мінск № П-218/2007

Савет Міністраў
Рэспублікі Беларусь

Аб вырабе бланкаў для цэнтралізаванага тэсціравання на беларускай мове

     У Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь паступіў зварот па пытанню адсутнасці бланкаў для цэнтралізаванага тэсціравання на беларускай мове.

     Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законаў Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", "Аб адукацыі", Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

     Парадак арганізацыі, падрыхтоўкі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, парадак узаемадзеяння і функцыі юрыдычных асоб, правы і абавязкі асоб, якія ўдзельнічаюць у цэнтралізаваным тэсціраванні, вызначаны Палажэннем аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714 (далей - Палажэнне).

     У адпаведнасці з пунктам 12 Палажэння для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэсціраванні абітурыент падае заяву па форме згодна з дадаткам 6. Замежныя грамадзяне і грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія пастаянна пражываюць за мяжой, маюць права накіроўваць заяву па пошце, запоўніўшы яе па форме згодна з дадаткам 7. Бланкі ўказаных заяў вырабляюцца толькі на рускай мове.

     Бланкі для запісу адказаў абітурыента на тэставыя заданні (узор распрацаваны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Рэспубліканскім інстытутам кантролю ведаў) вырабляюцца таксама на рускай мове. Пры гэтым абітурыенты, якія праходзяць цэнтралізаванае тэсціраванне на беларускай мове, запаўняюць бланк адказаў: месца рэгістрацыі (частка А) - на рускай мове; месца адказаў (частка Б) - на беларускай мове (запаўненне гэтай часткі бланка адказаў мае на ўвазе не толькі ўказанне аднаго з варыянтаў адказа, але і выкладанне кароткіх адказаў на заданні без варыянтаў адказу).

     Адзначаючы, што сфарміраваная на падставе Палажэння практыка вырабу бланкаў заяў на ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні і бланкаў для запісу адказаў абітурыента на тэставыя заданні толькі на рускай мове не ўплывае на вынікі тэсціравання абітурыентаў, якія карыстаюцца беларускай мовай, лічым неабходным звярнуць увагу на наступнае.

     Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы (артыкул 17 Канстытуцыі). У артыкуле 2 Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон) указана, што Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права звяртацца ў дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, на прадпрыемствы, ва ўстановы, арганізацыі і грамадскія аб'яднанні на беларускай, рускай або іншай прымальнай для бакоў мове (артыкул 3 Закона).

     У адпаведнасці з артыкулам 5 Закона дзяржаўныя органы, органы мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемствы, установы, арганізацыі і грамадскія аб'яднанні павінны прымаць і разглядаць дакументы, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай, рускай мовах.

     Згодна з часткай першай артыкула 5 Закона "Аб адукацыі" асноўнымі мовамі навучання і выхавання ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская. Дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару мовы навучання і выхавання і стварае адпаведныя ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Пры гэтым навучанню на беларускай мове, выданню літаратуры, падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў на беларускай мове аказваецца дзяржаўная падтрымка.

     Прававую пазіцыю аб неабходнасці дзяржаўнай падтрымкі выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскіх адносін Канстытуцыйны Суд выклаў у рашэнні ад 4 снежня 2003 г. "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абарачэння банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання", прапанаваўшы разгледзець пытанне аб унясенні ў Закон "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і іншыя акты заканадаўства змяненняў і дапаўненняў, здольных забяспечыць фактычную роўнасць дзяржаўных моў.

     На падставе выкладзенага лічым, што змест Палажэння і сфарміраваная на яго аснове практыка вырабу бланкаў дакументаў, якія выкарыстоўваюцца ў працэсе цэнтралізаванага тэсціравання, не ў поўнай меры адпавядаюць нормам указаных вышэй заканадаўчых актаў.

     У сувязі з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прапануе Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб унясенні ў Палажэнне аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання, зацверджанае пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714, змяненняў і дапаўненняў, якія забяспечаць магчымасць карыстання грамадзянамі ў роўнай меры на ўсіх этапах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання дзяржаўнымі мовамі - як рускай, так і беларускай.

     Уносіцца ў парадку часткі восьмай артыкула 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў.

     Прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда 28 жніўня 2007 г.

Старшыня Р.А.Васілевіч