|
Наскаўцу М.Д. |
| Аб прапановах, звязаных з удасканальваннем заканадаўства па пытаннях, якія датычацца сацыяльна-культурнай сферы |
Паважаны Міхаіл Данілавіч!
У сувязі з Вашым зваротам паведамляем наступнае.
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў у дзяржаве і дае заключэнні:
аб адпаведнасці законаў, дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта,
міжнародных дагаворных і іншых абавязацельстваў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыі
і міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь;
аб адпаведнасці актаў міждзяржаўных утварэнняў, у якія ўваходзіць Рэспубліка Беларусь, указаў Прэзідэнта, выдадзеных у мэтах выканання закона, Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам і дэкрэтам;
аб адпаведнасці пастаноў Савета Міністраў, актаў Вярхоўнага Суда, Вышэйшага Гаспадарчага Суда, Генеральнага пракурора Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам;
аб адпаведнасці актаў любога другога дзяржаўнага органа Канстытуцыі, міжнародна-прававым актам, ратыфікаваным Рэспублікай Беларусь, законам, дэкрэтам і ўказам.
Ацэнка палітычных і эканамічных пытанняў магчыма толькі ў сувязі з прызнаннем нарматыўнага прававога акта неканстытуцыйным. Любы іншы падыход з'явіцца перавышэннем паўнамоцтваў, якімі надзелены Канстытуцыйны Суд.
Прапановы аб праверцы канстытуцыйнасці акта маюць права ўнесці Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Палата прадстаўнікоў, Савет Рэспублікі, Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь, Вышэйшы Гаспадарчы Суд Рэспублікі Беларусь, Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Іншыя дзяржаўныя ўстановы, грамадскія аб'яднанні, а таксама грамадзяне звяртаюцца з адпаведнай ініцыятывай да органаў і асоб, якія валодаюць правам на зварот з прапановамі аб праверцы канстытуцыйнасці акта.
Што датычыцца шэрагу пытанняў, якія Вы ставіце ў сваім звароце, то яны вырашаны на падставе Канстытуцыі і бягучага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.
Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляецца народ. Народ ажыццяўляе сваю ўладу непасрэдна, праз прадстаўнічыя і іншыя органы ў формах і межах, вызначаных Канстытуцыяй (артыкул 3 Канстытуцыі).
Рашэнне аб наданні рускай мове статусу другой дзяржаўнай
мовы было прынята на рэспубліканскім рэферэндуме.
Канстытуцыйны Суд таксама прымаў адпаведныя захады па пытанню роўнасці дзвюх моў. У 1998 г. было прынята рашэнне Канстытуцыйнага Суда аб увядзенні ў Кодэкс Рэспублiкi Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях нормы, якая прадугледжвае адказнасць за парушэнне заканадаўства аб мовах. Адпаведная норма была ўнесена ў закон. 4 снежня 2003 г. Канстытуцыйным Судом было прынята рашэнне "Аб выкарыстанні беларускай і рускай моў у сферы абслугоўвання, абароту банкаўскіх пластыкавых картак і ў сістэме дзяржаўнага сацыяльнага страхавання".
Пытанні прадастаўлення льгот асобным катэгорыям грамадзян (у сувязі з неабгрунтаванымі рэпрэсіямі, пацярпеўшым у час Вялікай Айчыннай вайны, ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) знаходзяцца ў выключнай кампетэнцыі заканадаўца і Урада, якія імкнуцца вырашаць іх зыходзячы з рэальных эканамічных магчымасцей дзяржавы.
Канстытуцыйны Суд звяртаў увагу на неабходнасць удасканальвання заканадаўства аб ільготах і накіроўваў адпаведныя прапановы ўпаўнаважаным дзяржаўным органам.
Вы патрабуеце прысвоiць Вашаму матэрыялу адпаведны знак для друку, але, як Вы разумееце, гэта пытанне - справа выдаўца, а не Канстытуцыйнага Суда.
Трэба таксама адзначыць, што многiя Вашы прапановы датычацца навукi, сродкаў масавай iнфармацыi, патрабуюць пэўных даследаванняў, абмеркаванняў i г.д.
Прынята на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда 28 красавіка
2005 г.
| Старшыня | Р.А. Васілевіч |
| © Конституционный Суд Республики Беларусь, http://ncpi.gov.by/constsud/ |