• VK
  • odnoklassniki
  • Facebook
  • Twitter
  • Youtube
  • Telegram
  • viber

«Закупкі» і «Ахова здароўя » – актуальныя тэматычныя падборкі ў сістэмах «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН–ONLINE»

На нашым сайце часцей за ўсё мы публікуем навіны аб нядаўніх праектах НЦПІ, развіцці міжнароднага супрацоўніцтва, навуковай дзейнасці, выпуску свежых выданняў, спецыяльных прапановах і гэтак далей.

Разам з тым за кожным кірункам дзейнасці цэнтра стаяць спецыялісты, руплівая праца якіх дазваляе даносіць да ўсіх зацікаўленых актуальную прававую інфармацыю ўжо болей чым 20 гадоў. Мы не вылучаем важныя і няважныя кірункі дзейнасці, а імкнемся рабіць сваю працу добра.

У сувязі з гэтым пачынаем публікаваць на нашым сайце цыкл артыкулаў, дзе будзем расказваць не толькі аб новых праектах, кірунках, а галоўнае – падраздзяленнях НЦПІ, што пачынаюць і развіваюць такія праекты.

Адзначаем, што інфармацыйным напаўненнем і развіццём дзяржаўных інфармацыйна-прававых рэсурсаў, сістэм «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» займаецца ўвесь калектыў НЦПІ.

Каб нашы карыстальнікі не трацілі на пошук патрэбнага дакумента з пэўнай сферы дзейнасці шмат часу, спецыялістамі цэнтра фарміруюцца тэматычныя падборкі дакументаў у сістэмах «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE». У іх уваходзяць нарматыўныя прававыя акты, матэрыялы, што адлюстроўваюць прымяненне нормаў права, формы дакументаў (у тым ліку з магчымасцю запаўнення і разліку паказчыкаў у фармаце Excel-табліц).

Як адбываецца сістэматызацыя дакументаў для ўключэння іх у падборкі, на што арыентуюцца спецыялісты, якія прымаюць удзел у гэтым працэсе, пагаворым з начальнікам упраўлення тэматычных і лакальных банкаў даных НЦПІ Кебікавай Ірынай Уладзіміраўнай.

Кебикова И.В.

– Работа па фарміраванні тэматычных банкаў даных у сістэмах «ЭТАЛОН» вядзецца больш за 10 гадоў. Спецыялістамі нашага ўпраўлення фарміруецца структура кожнага такога рэсурсу. Абапіраючыся на аналіз актаў заканадаўства, мы прапануем сістэматызацыю дакументаў па раздзелах і падраздзелах. Далей з выкарыстаннем сучасных сродкаў аўтаматызацыі вядзецца работа па стварэнні самога банка даных. З актамі заканадаўства ўсё зразумела: яны паступаюць у НЦПІ, рэгіструюцца ў Нацыянальным рэестры, публікуюцца на Партале і падлягаюць уключэнню ў «ЭТАЛОН», а увядзенне матэрыялаў правапрымяняльнай практыкі і формаў дакументаў патрабуе асаблівага падыходу.

У базах даных матэрыялаў правапрымяняльнай практыкі і формаў дакументаў змяшчаюцца матэрыялы і дакументы тлумачальнага характару, падрыхтаваныя дзяржаўнымі органамі і спецыялістамі ў пэўных сферах дзейнасці. Сёння іх колькасць перавысіла 40 000 дакументаў. Трэба сказаць, што такі масіў інфармацыі вельмі важны для нашых карыстальнікаў. Гэта ўлічваецца і пры фарміраванні тэматычных падборак. Калі спецыяліст бачыць недахоп матэрыялаў пэўнай тэматыкі, вядзецца работа з профільнымі дзяржаўнымі органамі, а часта гэта некалькі міністэрстваў, па ўключэнні адпаведных каментарыяў, тлумачэнняў, іншых дакументаў, што не адносяцца да нарматыўнай базы, у сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE».

Перавага аддаецца афіцыйным каментарыям і тлумачэнням, бо сістэмы «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» – дзяржаўныя інфармацыйна-прававыя рэсурсы.

– Як выбіраюцца тэмы для новых падборак дакументаў?

– НЦПІ – арганізацыя, на якую адпаведна заканадаўству ўскладзена выкананне дзяржаўных задач, таму шэраг тэматычных падборак створаны па даручэнні Кіраўніка дзяржавы і Урада, а таксама ў рамках выканання дзяржпраграм. Перш-наперш, гэта тэматычныя падборкі: банкі даных «Бізнес» (на рускай і англійскай мовах), «Адміністрацыйныя працэдуры», «Правы непаўналетніх».

Акрамя таго, мы арыентуемся на запыты і пажаданні нашых карыстальнікаў, у іх ліку не толькі ўсе дзяржаўныя органы і арганізацыі, але і буйныя прадпрыемствы дзяржаўнага і прыватнага сектараў эканомікі. Так, былі сфарміраваны падборкі дакументаў у галіне адукацыі, у сферы рэгулявання дзейнасці прафсаюзаў.

Мы заўсёды ў курсе паздзей, якія адбываюцца ў нашай краіне. У 2019 годзе была сфарміравана падборка «Спартыўнае права» у рамках інфармацыйнага партнёрства НЦПІ ў Еўрапейскіх гульнях.

– У 2020 годзе ўжо сфарміраваны дзве тэматычныя падборкі ў «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» – «Закупкі» і «Ахова здароўя».

«Закупки» и «Здравоохранение»

– Пры вызначэнні тэмы для фарміравання падборак дакументаў мы арыентуемся на змяненні ў заканадаўстве, яго складанасць, неабходнасць тлумачэння адпаведных нормаў. Такім чынам, тэмы названых падборак – гэта актуальная інфармацыя на сённяшні дзень для большасці грамадзян.

Па-першае, з закупкамі сутыкаюцца ўсе суб’екты гаспадарання. Па-другое, у 2019 годзе змянілася заканадаўства ў акрэсленай сферы: парадак правядзення дзяржаўных закупак, узніклі нюансы закупак у будаўніцтве і медыцыне. Да пачатку 2020 года сфарміравалася не толькі абноўленая нарматыўная база, але і практыка прымянення ўказаных нормаў, таму новая тэматычная падборка «Закупкі» ў сістэмах «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE» актуальная для ўсіх нашых карыстальнікаў.

– Якія дакументы ўвайшлі ў падборку «Закупкі»?

– У банку даных «Закупкі» змешчаны дакументы, якія рэгламентуюць адносіны ў галіне ажыццяўлення дзяржаўных закупак, уключаючы планаванне дзяржаўных закупак, выбар дастаўніка (падрадчыка, выканаўцы) і адносіны, звязаныя з заключэннем, выкананнем, змяненнем і скасаваннем дагавора. Нарматыўныя прававыя акты, а таксама дакументы правапрымяняльнай практыкі згрупаваны па 9 тэматычных раздзелах, у тым ліку дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы дзяржаўных закупак; патрабаванні да працэдур дзяржаўных закупак; арганізацыя і правядзенне закупак за кошт уласных сродкаў; закупкі ў сферы медыцыны; закупкі ў сферы будаўніцтва і іншыя. Акрамя таго, у падборку ўключаны прыкладныя формы дакументаў.

– А тэматычная падборка «Ахова здароўя»? Раскажыце пра яе падрабязней.

– Па-першае, медыцына – адна з самых «зарэгламентаваных» сфер. Рэгуляванне адбываецца на дзяржаўным і ведамасным узроўнях. Законы, указы, пастановы, загады, інструкцыі, рэкамендацыі – гэта не ўвесь пералік дакументаў, з якімі даводзіцца сутыкацца работнікам сферы аховы здароўя. Па-другое, кожны з нас так ці інакш далучаны да аховы здароўя ў якасці спецыяліста або пацыента. Па-трэцяе, яго стварэнне – патрабаванне часу і цяперашняй сітуацыі.

Стварэнне тэматычнай падборкі «Ахова здароўя» стала нашай своеасаблівай дапамогай тым, хто працуе ў медыцыне і зараз на перадавой, а таксама тым, каму неабходна ведаць і ўлічваць гэтую інфармацыю не толькі ў рабоце, але і ў жыцці.

– Якая інфармацыя змяшчаецца ў падборцы «Ахова здароўя»?

– У банку даных «Ахова здароўя» захоўваюцца прававыя акты, матэрыялы правапрымяняльнага характару і формы дакументаў, што рэгулююць адносіны ў сферы аказання медыцынскай дапамогі і прыняцця мер па ахове здароўя насельніцтва арганізацыямі аховы здароўя, іншымі арганізацыямі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі медыцынскай, фармацэўтычнай дзейнасці.

Для зручнасці пошуку ўсе дакументы згрупаваны па 15 вялікіх раздзелах: сістэма аховы здароўя; кіраванне ў сферы аховы здароўя; асаблівасці рэгулявання працы работнікаў гэтай сістэмы; аказанне медыцынскай дапамогі насельніцтву; урачэбная таямніца; лекавыя сродкі, медыцынскія вырабы і біямедыцынскія клетачныя прадукты; донарства і трансплантацыя; медыцынская экспертыза і іншыя.

Трэба адзначыць, што тэксты прававых актаў, размешчаныя ў тэматычных банках даных, знаходзяцца ў актуальным стане. Інфармацыйнае напаўненне адбываецца па меры паступлення ў НЦПІ прававых актаў указанай тэматыкі.

Эканомце час – карыстайцеся тэматычнымі падборкамі ў сістэмах «ЭТАЛОН» і «ЭТАЛОН-ONLINE»!

Па пытаннях падключэння да сістэм звяртайцеся па тэлефонах:

(017) 279-99-99, 279-99-39.

E-mail: sales@ncpi.gov.by.

13 Мая 2020 Г.
Pravo.by
Эталон ONLINE
Правовой форум
mir.pravo.by
Подняться наверх